Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

«Стаць хадзячым мемам я не хачу»

«Сын скончыў восьмы клас, і пасля дзявятага паступаць не плануем. Ён пакуль зусім не ўяўляе, кім хоча быць, ды і мы з мужам пэўных схільнасцяў і інтарэсаў у яго не бачым, — кажа Ірына з Віцебска. — Некалькі гадоў ён захапляўся спортам: футбол, каратэ, потым баскетбол, але на аматарскім узроўні, а як толькі трэнеры прапаноўвалі займацца на больш сур'ёзным узроўні і намякалі, што гэта можа стаць прафесіяй, губляў цікавасць.

Таму я яму прапаную спрабаваць сябе ў розных гуртках і секцыях — час яшчэ ёсць, і калі нешта сапраўды захопіць, будзем разумець, куды рухацца.

Затое цалкам дакладна магу сказаць, куды ён не пойдзе, — у міліцэйскія або вайсковыя ВНУ. Да іх у мінулым і гэтым навучальным годзе часта прыходзілі ў школу з гутаркамі і агітацыяй, як добра там і там служыць, Радзіму абараняць. Але па рэакцыі майго сына бачу, што дамагліся роўна супрацьлеглага эфекту.

Калі раней яму, як многім хлапчукам, падабалася збіраць мадэлі вайсковай тэхнікі, гуляць у «танчыкі», ездзіць з экскурсіямі ад класа ў Брэсцкую крэпасць або на Лінію Сталіна, то цяпер я бачу жорсткае непрыманне вайсковай і сілавой тэматыкі. Ён кажа:

«Мам, разумееш, яны такія абмежаваныя, у іх адзін і той жа набор слоў пра Вялікую Айчынную вайну, НАТА ўздоўж межаў і што мы не дамо нікому на Беларусь напасці, зберажом наша мірнае неба… Я, можа быць, не самы разумны чалавек, але стаць вось такім жа хадзячым мемам я не хачу».

Па словах Ірыны, навучанне за мяжой яе сям'я цяпер не разглядае: «па-першае, не пацягнем фінансава, а па-другое, занадта шмат нявызначанасці, каб планаваць на тры-чатыры гады наперад».

«Але, вядома, калі такая магчымасць з'явіцца, я абедзвюма рукамі «за». Таму адзіныя прадметы, па якіх сына ганяю неміласэрна, — беларуская і англійская мовы: родную мову трэба вывучыць максімальна, пакуль яе яшчэ не развучыліся выкладаць у школе, а мова міжнародных зносін у любым выпадку лішняй не будзе.

А вось мой пляменнік, на год старэйшы за сына, наадварот, паступае пасля 9-га класа. Яны са школай ледзь дацярпелі адно аднаго да выпускных экзаменаў і разышліся з узаемным задавальненнем. Ён такі цяжкі падлетак, але рукасты, у бацьку, таму вырашыў ісці на рабочую спецыяльнасць, куды па балах пройдзе.

Кажа, што айцішнікаў ужо і так занадта шмат і што ўсе скардзяцца на заробкі, а кухар ці электрык патрэбныя будуць заўсёды, і ў чымсьці ён мае рацыю».

«Дапускаю, што з'едзе не толькі дачка»

Жыхарка беларускай сталіцы Ала — мама дзвюх дачок, дзяўчынкі скончылі 10-ы і 3-ці класы. І калі малодшая над пытаннем, кім хоча стаць, калі вырасце, пакуль не занадта задумваецца, то старэйшая, наадварот, шмат разважае на гэтую тэму. І чым далей, тым менш перспектыў бачыць для сябе ў Беларусі.

«Да 2020-га яна хацела стаць настаўніцай, прычым абавязкова выкладаць гісторыю — у іх у гімназіі былі вельмі добрыя педагогі, якія ўмелі «запаліць» дзяцей прадметам. А потым з усімі нашымі падзеямі гэтая мара дала першую расколіну.

За два гады ў іх звольніліся (або звольнілі, не ведаю дакладна падрабязнасцяў) некалькі добрых настаўнікаў, а тыя, хто застаўся, прынялі правілы гульні і сталі піхаць у дзяцей значна больш ідэалогіі. На гісторыі, якую раней дачка вельмі любіла, яшчэ і ўрокі памяці пра «генацыд беларускага народа». Ды і самі настаўнікі адгаворваюць: маўляў, куды заўгодна, толькі не ў школу.

Яна была б не супраць пайсці вучыцца на экскурсавода або на музейную справу. Але тут ужо супраць я, таму што бачу, што адбываецца ў гэтай сферы: ні пра якое развіццё і гаворкі няма, суцэльныя «чысткі» і звальненні нелаяльных спецыялістаў.

Мы ўсё абмеркавалі на сямейнай радзе, і цяпер у дачкі новая мэта — яна некалькі гадоў вучыла польскую мову, цяпер узмоцнена падцягвае з рэпетытарам, і новая мара — з'ехаць з краіны, вучыцца ў еўрапейскім універсітэце. І калі тут у нас нічога не будзе мяняцца да лепшага, дапускаю, што з'едзе не адна дачка, а будзем перабірацца ўсёй сям'ёй».

«Я супраць, каб сын і служыў тут, і вучыўся»

Сын Міхаіла і Алены скончыў 9 класаў у гімназіі і паступае гэтым летам у Мінскі лінгвагуманітарны каледж.

«Гэта не азначае, што потым ён абавязкова будзе паступаць у лінгвістычны, — тлумачыць бацька, — хутчэй, наша мэта была пайсці са школы на больш высокі ўзровень, таму што якасць адукацыі там яўна пагоршылася (апошнія два гады некалькі прадметаў даводзілася падцягваць з рэпетытарамі — не таму, што сын такі, а таму што настаўнікі арыентуюцца на большасць, з сярэдняй і нізкай паспяховасцю), а справядлівасць выстаўлення адзнак выдатна характарызуе фраза класнай кіраўніцы: «Бал на экзамене не можа быць вышэйшы за гадавую адзнаку».

Калі сын не пройдзе ў выбраны каледж, таму што ў мінулым годзе быў патрэбны вельмі высокі сярэдні бал атэстата, у нас ёсць запасны варыянт, таксама ліцэй з профільнай англійскай, або каледж з нядрэнным зачынам на IT-спецыяльнасць. За гэтыя пару гадоў вырашым, куды пайсці далей.

Таму што раней я б сказаў: нічога страшнага, калі пасля каледжа давядзецца адслужыць у войску і страціць год у адукацыі, але з пазіцыі сённяшніх рэалій я супраць, каб сын і служыў тут, і вучыўся — з перспектывай прымусовай адпрацоўкі, таму што «павінен дзяржаве».

Расійскія ўніверсітэты, як вы разумееце, цяпер ужо таксама не разглядаем.

«Вучыцца мастацтву ў атмасферы татальнай хлусні — дрэнны варыянт»

«Усё жаданне заставацца ў Беларусі, паступаць тут ва ўніверсітэт і заставацца працаваць па прафесіі адбівае сама сістэма адукацыі, — катэгарычная ў ацэнках мінчанка Святлана, чыя дачка-выпускніца паступае гэтым летам у адзін з еўрапейскіх універсітэтаў. — З ВНУ знікла з розных прычын велізарная колькасць кваліфікаваных выкладчыкаў. Затое з'явіліся характарыстыкі для тых, хто паступае, нечуваныя льготы для мэтавікоў і сілавікоў, і да таго ж практыкі «пакаянных відэа». І перспектывы нейкіх жахлівых па часе абавязковых адпрацовак, ад якіх зусім трошкі да прыгоннага права.

Гэта з аднаго боку. А з другога — калі раней выпускнікам казалі: маўляў, адвучыцеся і працуйце ў роднай краіне, таму што ў Беларусі стабільнасць і росквіт, цяпер пласцінка змянілася.

Прама і намёкамі даюць зразумець: заставайцеся тут, таму што каму вы на тым Захадзе патрэбныя, там нічога добрага вас не чакае, а ўсе, хто з'язджае з Беларусі, у Еўропе працуюць максімум на зборы клубніц і ўборцы прыбіральняў…

Дачка вельмі хоча стаць рэжысёрам, але вучыцца гэтаму мастацтву ў атмасферы татальнай хлусні — дрэнны варыянт. Каб потым што, працягваць хлусіць далей? Так што апошнія 1,5 года мы з ёй удваіх вельмі шмат рыхтаваліся, каб паступіць вучыцца ў Еўропе. Вельмі спадзяюся, што ўсё атрымаецца.

І хочацца верыць, што пройдзе не занадта шмат гадоў, калі нашым дзецям не трэба будзе з'язджаць з краіны, каб здымаць праўдзівае кіно пра Беларусь».

Чытайце таксама:

Беларусы — другая па колькасці група замежных студэнтаў у Польшчы

Чаму лукашысты так любяць публічныя прыніжэнні і як гэта змяняе нас

Міністр адукацыі расказаў, па якіх правілах пройдзе ўступная кампанія ўлетку

Клас
16
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
18
Абуральна
8