У лістападзе 2020 года была створаная закрытая тэлеграм-суполка «Кулінарныя рэцэпты» («Кніга рэцэптаў», «Bon Apetit»), у якую ў розны час уваходзіла да 10 чалавек.

Яе мэтай называюцца «акцыі скіраванага дзеяння» супраць службовых асоб і дзеянні па пашкоджанні аб'ектаў гарадской інфраструктуры.

Вынікі выкладваліся ў групу, а затым накіроўваліся адміністратарам тэлеграм-канала «Буслы Ляцяць», які ўваходзіць у нефармальную арганізацыю «Супраціў».

Пералічваюцца злачынствы, якія нібыта здзейснілі затрыманыя:

  • 4 сакавіка з 19:30 да 22:00 на безахоўнай аўтамабільнай стаянцы ў двары дома №1А па вул. Ватуціна ў Барысаве пашкодзілі чатыры шыны аўтамабіля Lada Vesta, які належыць суддзі, а таксама аблілі больш за тры элементы кузава чырвонай фарбай;
  • з 16:20 14 сакавіка па 13:20 15 сакавіка паблізу дома №5 па вул. Адзінцова ў Мінску пашкодзілі Land Rover Discovery, які належыць адміністратару тэлеграм-канала «Людажэр», карэспандэнту газеты «СБ. Беларусь сегодня»;
  • 8 красавіка каля 23:30 пашкоджаныя вокны кватэры ў Мінску намесніка начальніка аддзела пракуратуры Мінска на вул. Лідскай;
  • 22 мая каля 01:30 у доме № 87 па вул. Гая ў Мінску пашкоджаныя шыбы двух вокнаў грамадзянкі Гулідавай.

Таксама ўдзельнікі групы 02.06.2021 у начны час у Мінску па вул. Якубоўскага, 15 нібыта пашкодзілі 13 камер відэаназірання, а 15.06.2021, знаходзячыся па вул. Лабанка ў г. Мінску, з фасада дома № 81 і 89, выкралі і потым знішчылі яшчэ 21 аналагічную камеру.

Цяпер знайшлі і затрымалі 6 удзельнікаў. Двое выехалі з краіны.

У дачыненні да ўдзельнікаў групы завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 290-4 («Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй») КК Рэспублікі Беларусь, а таксама чатыры крымінальныя справы па ч. 1 арт. 359 («Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча») КК Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Гомельскай вобласці расказаў аб затрыманні сямі чалавек, якія «спрабавалі ўчыніць тэракты».

«Ну вось пракалоў ты гэтую шыну, ну варта таго, што ты цяпер 15 гадоў адседзіш у турме? Таму вось пачынаюць так паскудзіць. Для чаго? Зноў грошы», — заявіў Лукашэнка.

Што не так з апошнімі «тэрарыстычнымі» справамі аб камені ў акне пракурора і аблітай фарбай машыне суддзі? Разбіраемся з былымі сілавікамі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0