Часам усмешкай можна зрабіць больш, чым строгасцю і сілай, сказаў пра Мандэлу генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун. FLICKR, SOUTH AFRICAN TOURISM

Часам усмешкай можна зрабіць больш, чым строгасцю і сілай, сказаў пра Мандэлу генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун. FLICKR, SOUTH AFRICAN TOURISM

Аднойчы за абедам у доме экс-прэзідэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Нэльсана Мандэлы кухарка прынесла ў сталовую тэлефон:

— Яе Вялікасць каралева Лізавета жадае з вамі перагаварыць.

— Алё? Дабрыдзень, Лізавета! Як жывеш? Так, у мяне ўсё выдатна, дзякуй!

Ён любіў распавядаць пра знаёмства з каралевай у Букінгемскім палацы. «Мы паабедалі, потым доўга гулялі, пілі чай. Цэлы дзень размаўлялі. Потым я кажу: «Ну, мне час у сваю гасцініцу». — «Дзе ж вы спыніліся?» — «У Дорчастэры». ­— «Сёння ніякага Дорчастэра, — абвясціла каралева. — Вы застаяцеся тут»».

Калі Нэльсан паклаў слухаўку, сям’я накінулася на яго:

— Ты не можаш называць яе проста Лізавета! Трэба казаць: «Ваша Вялікасць», выконваць пратакол!

— Ды пра што вы! Яна ж называе мяне Нэльсанам! Мы заўсёды завём адно аднаго па імені. Не забывайце, ува мне таксама цячэ каралеўская кроў, я ж прынц Тэмбу, — ён хітра пасміхнуўся.

Прынц Тэмбу

Мандэла паходзіў з арыстакратыі народа коса (і для яго палітычнага капіталу такое паходжанне было вялікім плюсам). Прадзед Нэльсана быў каралём племені Тэмбу. «Мы — нашчадкі чацвёртага дома, — расказваў Нэльсан. — Наша роля — улагоджваць спрэчкі і быць дарадцамі караля. Да гэтай ролі мяне і рыхтавалі». Але жыццё прынца было цалкам зямным — як і аднагодкі, ён быў пастушком.

Вёска Куну, у якой вырас будучы прэзідэнт, жыве сваім жыццём. Яна не моцна змянілася з таго часу. Хіба што цяпер у ёй ёсць музей Мандэлы. FLICKR, SOUTH AFRICAN TOURISM

Вёска Куну, у якой вырас будучы прэзідэнт, жыве сваім жыццём. Яна не моцна змянілася з таго часу. Хіба што цяпер у ёй ёсць музей Мандэлы. FLICKR, SOUTH AFRICAN TOURISM

У першы школьны дзень усім дзецям давалі еўрапейскія імёны. «Чаму настаўніца назвала мяне Нэльсан? Паняцця не маю». А першае імя Мандэлы было Холіхлала (другі «х» вымаўляецца як англійскае «th», з языком паміж зубамі), на мове коса значыць «гарэза» (літаральна: «той, хто зрывае галінкі з дрэў»).

Таты не стала, калі Нэльсану было 9: «Бацька праводзіў з кожнай са сваіх жонак па тыдні: чатыры жонкі — чатыры тыдні. А ў той дзень прыйшоў да маці па-за «раскладам». Ён быў у жахлівым стане і ўсё кашляў, кашляў, кашляў… Закурыўшы, тата супакоіўся. Так і памёр — з запаленай люлькай у руках». Пах тытуню ў паветры заўжды вяртаў Нэльсана ў тыя ўспаміны.

У мове коса многа гукаў-цоканняў. Нават вымаўляючы назву свайго народа, людзі кажуць «к» і адначасова цокаюць. Цяпер у Афрыцы 8 мільёнаў носьбітаў гэтай мовы. FLICKR, SOUTH AFRICAN TOURISM

У мове коса многа гукаў-цоканняў. Нават вымаўляючы назву свайго народа, людзі кажуць «к» і адначасова цокаюць. Цяпер у Афрыцы 8 мільёнаў носьбітаў гэтай мовы. FLICKR, SOUTH AFRICAN TOURISM

Маці памерла, калі Нэльсан ужо сядзеў у турме. «Яе пахаваннем павінен быў займацца я — адзіны сын і старэйшае дзіця. Але, вядома, мне не дазволілі. Тады я ўпершыню ўсумніўся ў правільнасці абранага шляху».

Паўналецце, даросласць у народа коса наступае ў 17—18 гадоў пасля працэдуры абразання. Гэты рытуал называецца «Узыходжанне ў горы» і захоўваецца да сёння: унук Мандэлы, Ндаба Мандэла, апісвае, як 16—18-гадовыя хлопцы на месяц здаюць родным свае гаджэты, вопратку, потым тыдзень жывуць усе ў адным будане без ежы і пітва — пакуль рана загоіцца… У часы Нэльсана цырымонія абразання завяршалася спаленнем халупы, у якой юнак вырас — на знак таго, што дзяцінства скончылася. Пры паўналецці Нэльсан атрымаў другое імя — Далібхунга, «той, хто пачынае размову». Прарочае.

Паўналецце ў народа коса наступае пасля рытуалу «Узыходжанне ў горы», цягнецца ён каля месяца. Гэта працэдура абразання, якую суправаджаюць шматлікія абрады і атрыманне новага імені. Працэдура існуе і сёння. На фота хлопцы вяртаюцца з купання: яны спалілі сваю адзежу, што сімвалізуе развітанне з дзяцінствам, абмыліся — і атрымалі спецыяльныя абрадавыя коўдры. Цяпер яны мужчыны. WIKIMEDIA COMMONS, DINGEMAN

Паўналецце ў народа коса наступае пасля рытуалу «Узыходжанне ў горы», цягнецца ён каля месяца. Гэта працэдура абразання, якую суправаджаюць шматлікія абрады і атрыманне новага імені. Працэдура існуе і сёння. На фота хлопцы вяртаюцца з купання: яны спалілі сваю адзежу, што сімвалізуе развітанне з дзяцінствам, абмыліся — і атрымалі спецыяльныя абрадавыя коўдры. Цяпер яны мужчыны. WIKIMEDIA COMMONS, DINGEMAN

Апякун адправіў Нэльсана ва ўніверсітэт. Хлопец вывучаў антрапалогію, права, палітыку, менеджмент і марыў працаваць у Дэпартаменце па справах карэнных народаў. Давучыцца не давялося: паўстаўшы супраць кепскай ежы ва ўніверсітэцкай сталоўцы, Мандэла страціў месца. Вярнуўшыся дамоў, ён даведаўся, што яго збіраюцца ажаніць — прычым не з той, што яму падабалася. Разам са стрыечным братам яны скралі некалькі кароў, прадалі і на выручку дабраліся да Іаганесбурга. Нэльсан працаваў ахоўнікам на золатаздабычы, потым клеркам у юрыдычнай фірме. Тут ён упершыню сутыкнуўся з апартэідам твар у твар.

FLICKR, SOUTH AFRICAN TOURISM

FLICKR, SOUTH AFRICAN TOURISM

Жыццё пры апартэідзе

Белае насельніцтва Афрыкі, нашчадкі галандскіх і французскіх каланізатараў, называлі сябе афрыканеры (па- нідэрландску «афрыканцы») або буры («фермеры», «сяляне»). Іх роднай мовай быў афрыкаанс — нідэрландская, што відазмянілася на афрыканскай зямлі.

Буры былі суровымі кальвіністамі. Яны верылі, што Бог запавёў ім кіраваць гэтай зямлёй і, паводле Боскай задумы, яны яе сапраўдныя гаспадары. Іх стаўленне да чорных ад пачатку было зняважлівым. А цяжкая параза ў Англа-бурскай вайне пачатку ХХ стагоддзя падагрэла гэтыя настроі. Калі Брытанія пасля Другой сусветнай сышла з ПАР, афрыканеры сталі адыгрывацца на слабых.

Нэльсану 19, ён паступае ва ўніверсітэт. Нягледзячы на законы апартэіду, некалькі ўніверсітэтаў ПАР працягвалі прымаць студэнтаў усіх рас, адстойваючы акадэмічную свабоду. Мандэла быў апантаным, але не старанным студэнтам: праз партыйную актыўнасць ён тры гады правальваў выпускныя іспыты. Ён скончыў універсітэт завочна, ужо ў турме. WIKIMEDIA COMMONS

Нэльсану 19, ён паступае ва ўніверсітэт. Нягледзячы на законы апартэіду, некалькі ўніверсітэтаў ПАР працягвалі прымаць студэнтаў усіх рас, адстойваючы акадэмічную свабоду. Мандэла быў апантаным, але не старанным студэнтам: праз партыйную актыўнасць ён тры гады правальваў выпускныя іспыты. Ён скончыў універсітэт завочна, ужо ў турме. WIKIMEDIA COMMONS

У 1948 годзе на выбарах (у якіх удзельнічалі толькі белыя) перамагла Нацыянальная партыя, для якой апартэід быў дзяржаўнай ідэалогіяй.

Апартэід, або бліжэй да арыгіналу «апартхейд», перакладаецца з афрыкаанс як «раздзельнае пражыванне», «падзел». «Апартэід — гэта палітыка добрасуседства, якая прызнае наяўнасць адрозненняў паміж людзьмі, — заяўлялі ўлады ПАР у 1950-я гады. — Гэта палітыка дазваляе чорным і белым жыць як добрым суседзям». Але на справе гэта была цынічная несправядлівасць, калі права на ўладу мелі толькі 20% насельніцтва.

Чарнаскурым нельга было ездзіць па краіне без дазволу, нельга было і жыць у гарадах (толькі часова, падчас працы). Іх не пускалі ў многія прафесіі. Пад гэту марку чарнаскурым адмовілі ў якаснай адукацыі, адмянілі ў іх школах дакладныя навукі: «Нашто чорным дзецям матэматыка, калі яны не змогуць выкарыстаць яе на практыцы?» За такі падыход краіна расплачваецца дасюль.

Праявы апартэіду: лаўка толькі для белых і перон, падзелены па расавай прыкмеце. WIKIMEDIA COMMONS

Праявы апартэіду: лаўка толькі для белых і перон, падзелены па расавай прыкмеце. WIKIMEDIA COMMONS

Акрамя таго, існавалі асобныя транспарт, прыбіральні, ліфты, лаўкі ў парках, пляжы, уваходы ў дзяржустановы — для чорных і для белых. Змешаныя шлюбы былі пад забаронай, а сэксуальныя сувязі паміж чорнымі і белымі караліся крымінальным артыкулам з тэрмінам да 7 гадоў.

Чорных высялялі ў спецыяльныя рэзервацыі — бантустаны (ад банту — агульнай назвы шматлікіх афрыканскіх народаў, якія размаўляюць на мовах адной групы і маюць падобныя культуры ды традыцыі). У выніку 80% насельніцтва краіны жыло на 12% тэрыторыі. У перспектыве планавалася абвесціць бантустаны асобнымі дзяржавамі, пазбавіць жыхароў грамадзянства ПАР і такім чынам збудаваць расава чыстыя зоны.

Народы і мовы

Народ коса, да якога належаў Мандэла, не найбуйнейшы з карэнных у ПАР. Ён займае другое месца, складаючы каля 20% ад чарнаскурага насельніцтва гэтай краіны. А найбуйнейшы народ ПАР — зулусы (каля 30% чарнаскурых). 

Афіцыйных моў у сучаснай ПАР ажно 11: акрамя каланіяльных англійскай і афрыкаанс (утварылася ад нідэрландскай), гэта мовы найбуйнейшых мясцовых народаў: зулу, коса, венда, паўднёвая ндэбеле, паўночная сота, тсонга, тсвана, сесота і свазі. Апошнія тры мовы, дарэчы, з’яўляюцца разам з англійскай дзяржаўнымі мовамі афрыканскіх дзяржаў, суседніх з ПАР: тсвана — Батсваны, сесота — Лесота, свазі — Эсваціні (былога Свазіленда). 

Кіраўнікі ПАР пасля краху апартэіду, дарэчы, таксама не належаць усе да аднаго народа. Калі Мандэла і ягоны наступнік Таба Мбекі (1999—2008) былі коса, то трэці прэзідэнт, Кгалема Матлантэ (2008—2009), — тсвана, чацвёрты, Джэйкаб Зума (2009—2018), — зулус, а цяперашні, Сірыл Рамафоса, які кіруе з 2018 года, — венда.

Вялікі поспех Паўднёвай Афрыкі і заслуга Мандэлы, што ў краіне ўмацавалася дэмакратыя і мерытакратыя (калі да ўлады прыходзяць самыя здольныя, без увагі на іх паходжанне і фінансы).

Amandla!

34-гадовы Мандэла, супрацоўнік першай у ПАР адвакацкай канторы для чарнаскурых, стаў імкліва набіраць папулярнасць, калі звярнуўся з прамовай да 10-тысячнага мітынгу супраць апартэіду. Ён заклікаў да байкотаў і іншых законных формаў негвалтоўнага супраціву. Ішоў 1952 год.

Уздымаючы ўверх сціснуты кулак, ён пракрычаў «Amandla!» («Сіла!»), а народ адказаў «Ngawethu!» («Яна — наша!»). Гэты вокліч папулярны і сёння. Пасля таго мітынгу Мандэлу ўпершыню пасадзілі ў турму.

«Высокае дрэва вецер гне мацней» — адна з прымавак народа коса. Гэта значыць, моцным, вялікім людзям дастаюцца большыя выпрабаванні.

Наступныя гады вецер змагаецца з баабабам-Мандэлам. Улады пагражаюць увесці ваеннае становішча, вінавацяць яго ў камунізме, забараняюць адначасова размаўляць больш як з адным чалавекам, наведваць сходы. Скасоўваюць арэнду для яго адвакацкага бюро.

«Народ коса прывык цярпець, — заўважае ў сваёй кнізе ўнук Мандэлы. — Мы гаворым пра гэта, нават калі вітаем адно аднаго:
— Што чуваць? — пытанне.
Ndi nya mezela, — у адказ. Што азначае «трымаюся».

Нэльсана то садзяць, то выпускаюць, але час на волі ён бавіць з карысцю: натхнёны ідэямі Махатмы Гандзі, заклікае паказальна парушаць несправядлівыя законы і садзіцца ў турму. На першы заклік адгукнулася 8500 чалавек.

Партыя Мандэлы Афрыканскі нацыянальны кангрэс у гэты час часта абвяшчае байкоты — і не без плёну! Напрыклад, у 1959 годзе стала вядома пра жудасныя ўмовы працы на бульбяных фермах. «Есці такую бульбу — усё роўна што чалавечую плоць», — пісалі лістоўкі. На некалькі месяцаў людзі адмовіліся купляць бульбу. Эфект быў такі, што дзяржава мусіла правесці праверкі і даць гарантыі рабочым. АНК выпусціў лістоўкі: «Гэта перамога нашых людзей і папярэджанне для фермераў».

Акцыі 1950-х паспрыялі таму, што афрыканцы выраслі як нацыя. Цяпер яны сталі ствараць пазітыўную праграму дзеянняў: дамагаліся роўнасці ў правах на зямлю, адукацыю і прамога прадстаўніцтва ў парламенце.

Калі Мандэлу затрымалі ў 1963-м, ён вызваўся абараняць сябе сам і ператварыў суд у перформанс. На пасяджэнне ён прыехаў у традыцыйным адзенні свайго народа. REDDIT, U/NEEDS_MORE_USERNAME

Калі Мандэлу затрымалі ў 1963-м, ён вызваўся абараняць сябе сам і ператварыў суд у перформанс. На пасяджэнне ён прыехаў у традыцыйным адзенні свайго народа. REDDIT, U/NEEDS_MORE_USERNAME

У 1960-м Нэльсан Мандэла ініцыяваў кампанію па спаленні пропускаў. Насіць іх абавязаныя былі ўсе чарнаскурыя. У пропуску чарнаскурага жыхара ПАР пазначалася імя, племянная прыналежнасць, дазвол на перамяшчэнне, працу і знаходжанне ў пэўным рэгіёне, інфармацыя пра судзімасць і падаткі, а таксама даведка з працы, якая мусіла засведчвацца штомесяц. Паліцэйскія маглі спыніць любога, запатрабаваць пропуск і пры адсутнасці яго арыштаваць ды вывезці ў рэзервацыю, да якой чалавек прымацаваны. Штогод так мучылі каля паўмільёна людзей. 

42-гадовы Мандэла паказальна паліць свой пропуск — сімвал несправядлівасці ў дачыненні да чарнаскурых ПАР. WIKIMEDIA COMMONS

42-гадовы Мандэла паказальна паліць свой пропуск — сімвал несправядлівасці ў дачыненні да чарнаскурых ПАР. WIKIMEDIA COMMONS

Белым, канечне, можна было быць дзе заўгодна і без аніякага пропуска.

Па ўсёй краіне людзі сталі пратэставаць. У пасёлку Шарпевіль больш за 5000 чалавек прыйшлі да паліцэйскага ўчастка і прапанавалі арыштаваць іх за адсутнасць пропускаў.

Дэманстрацыю расстралялі, загінулі 69 чалавек, з іх 10 дзяцей і 8 жанчын.

Свет быў шакаваны. Рада Бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю. А ўрад ПАР, баючыся паўстання, забараніў апазіцыйныя партыі, арыштаваў 156 чалавек за «дзяржаўную здраду» і прыняў закон, які вызваляў дзяржслужачых ад адказнасці за дзеянні ў час бунту.

Мандэла сышоў у падполле і пачаў рыхтаваць партызанскую вайну.

Ці быў Мандэла тэрарыстам

Бесперапынны гвалт з боку ўладаў не пакідае нам выбару, казаў Нэльсан. У 1960-м ён стварыў вайсковую арганізацыю «Дзіда нацыі» — «Умкхонта ве сізве». «Мы спадзяёмся ацверазіць урад і яго прыхільнікаў, пакуль не стала запозна і справа не дайшла да адчайнай грамадзянскай вайны».

«Дзіда» пачала праводзіць акцыі сабатажу: нападаць уначы на аб’екты дзяржаўнай інфраструктуры, напрыклад пункты выдачы пропускаў, падрываць электрасеткі, тэлефонныя лініі. «Мы хацелі паказаць, што ёсць адданыя справе людзі, якія будуць біцца галавой аб сцяну, пакуль тая не трэсне».

Важна было дзейнічаць без ахвяр, і Мандэла ганарыўся, што падчас яго аперацый ніхто не загінуў.

Ферма Лілісліф — у перакладзе «Ліст Лілеі». Гэтую «канспіратыўную ферму» выкупілі белыя барацьбіты з апартэідам. Усе чарнаскурыя работнікі на ёй насамрэч былі паўстанцамі. Мандэла, быўшы падпольшчыкам, «працаваў» на ёй садоўнікам. Некалькі разоў на спатканне да яго прыязджала жонка Віні з маленькімі дочкамі. Тым часам першая жонка Эвелін з дзецьмі жыла пад іншым прозвішчам і не хацела ўспамінаць былога мужа. WIKIMEDIA COMMONS

Ферма Лілісліф — у перакладзе «Ліст Лілеі». Гэтую «канспіратыўную ферму» выкупілі белыя барацьбіты з апартэідам. Усе чарнаскурыя работнікі на ёй насамрэч былі паўстанцамі. Мандэла, быўшы падпольшчыкам, «працаваў» на ёй садоўнікам. Некалькі разоў на спатканне да яго прыязджала жонка Віні з маленькімі дочкамі. Тым часам першая жонка Эвелін з дзецьмі жыла пад іншым прозвішчам і не хацела ўспамінаць былога мужа. WIKIMEDIA COMMONS

Частка партызан размяшчалася ўздоўж дзяржаўнай мяжы і дзейнічала набегамі. Частка — у падполлі. Мандэла пад іменем Дэвід прыкідваўся то садоўнікам, то кіроўцам (што дазваляла яму ездзіць па краіне). У народзе ён атрымаў мянушку Чорны Першацвет.

«Я часта чую, як барацьбітоў за свабоду называюць тэрарыстамі, — гаварыў Мандэла ў старасці. — Учора і мяне называлі тэрарыстам, а калі я выйшаў з турмы, тыя ж людзі прызналі мяне. Вось што я скажу: хто і каго вінаваціць у тэрарызме, залежыць ад таго, чый бок перамагае».

Цікава, што Мандэла аж да 2008 года быў у амерыканскім спісе асоб, звязаных з ажыццяўленнем тэрарыстычнай дзейнасці. І гэта ў час шматразовых сяброўскіх візітаў у ЗША да абодвух Джорджаў Бушаў і Біла Клінтана!

«За гэта я гатовы памерці»

У 1963-м падпольшчыка Мандэлу арыштавалі. Месца яго знаходжання выкрыла ЦРУ, якое баялася яго сувязі з камуністамі. Пачаўся вялы суд: доказаў датычнасці да сабатажу не было, і пакуль што Мандэлу маглі прад’явіць толькі незаконны выезд з краіны. Нэльсан зладзіў перформанс. Надзеўшы шкуру леапарда і іншыя атрыбуты свайго народа, ён абвясціў, што будзе абараняць сябе сам. «Чаму мяне, чорнага, судзяць белыя? Нешта тут не так»… Вырак — пяць гадоў турмы.

Ён ужо сядзеў, калі паліцыя накрыла ферму Лілісліф, схапіла кіраўніцтва «Дзіды» і захапіла дакументы. Мандэлу выставілі новае абвінавачанне.

У турме на востраве Робен, за 14 км ад горада Кейптаўн, з 1964 па 1982 год сядзеў будучы прэзідэнт ПАР. Сёння гэта помнік ЮНЕСКА. Турыстам паказваюць акенцы камер (злева) і кволы садок, які Мандэла разбіў абапал валейбольнай пляцоўкі. Садоўніцтва ён палюбіў на ўсё жыццё. WIKIMEDIA COMMONS

У турме на востраве Робен, за 14 км ад горада Кейптаўн, з 1964 па 1982 год сядзеў будучы прэзідэнт ПАР. Сёння гэта помнік ЮНЕСКА. Турыстам паказваюць акенцы камер (злева) і кволы садок, які Мандэла разбіў абапал валейбольнай пляцоўкі. Садоўніцтва ён палюбіў на ўсё жыццё. WIKIMEDIA COMMONS

На судзе 1964 года Мандэла зрабіў трохгадзінную прамову, якая на ўвесь свет засведчыла яго палітычную будучыню. Ён гаварыў, што ён не прыхільнік гвалту і што сітуацыя не пакідала іншых варыянтаў адстаяць свае правы. Абверг заявы прапаганды аб тым, што пратэст быў інспіраваны з-за мяжы. Усё, што нам трэба, — права голасу, казаў ён. Да першых усеагульных выбараў заставалася 30 гадоў.

Нэльсан скончыў словамі, якія затым выбілі на сцяне Палаца правасуддзя: «Я змагаўся як супраць панавання белых, так і супраць панавання чорных. Я шанаваў ідэал дэмакратычнага і свабоднага грамадства. Гэта той ідэал, дзеля якога я спадзяюся жыць, — 45-гадовы Мандэла паглядзеў у вочы суддзі і сказаў тое, што адвакаты ўгаворвалі выкрасліць: — Але калі трэба будзе, за гэты ідэал я гатовы памерці».

У камеры Мандэлы цяпер музей. Справа — спальнае месца. У турме Мандэла правёў 27 гадоў. WIKIMEDIA COMMONS

У камеры Мандэлы цяпер музей. Справа — спальнае месца. У турме Мандэла правёў 27 гадоў. WIKIMEDIA COMMONS

Мандэла быў пэўны, што іх з паплечнікамі павесяць. «Суддзя прыйшоў на абвяшчэнне прысуду пахмурны, і мы ўжо ні на што не спадзяваліся». Але хлопцам далі пажыццёвае. Лічыцца, што ад шыбеніцы вязняў уратавала міжнародная ўвага.

«У маёй краіне вы спачатку адпраўляецеся ў турму, а потым становіцеся прэзідэнтам»

Як Мандэла і дзесяць яго паплечнікаў перажылі прысуды ад 22 да 30 гадоў? Яны рыхтаваліся да будучыні.

Палітычных ізалявалі ад іншых вязняў (апартэід адчуваўся нават у турме: індусам выдавалі штаны, чарнаскурым — шорты) і вечарамі дазвалялі сустракацца. З падачы Мандэлы яны ператварылі турму ва ўніверсітэт. Кожны чытаў лекцыі па тым, у чым разбіраўся. «Уяві, мы прыйдзем да ўлады і ты станеш міністрам эканомікі, — падбадзёрваў ён таварыша. — Не ўпадай у адчай, падумай, як будзеш развіваць эканоміку».

Мандэлу змясцілі ў адзіночную камеру 2х2,5 м, спаў ён на цыноўцы, нары паставілі толькі праз 10 гадоў. Па начах Нэльсан працаваў над дыпломам бакалаўра (а пазней і магістра) права для Лонданскага ўніверсітэта, дзе вучыўся завочна. Нарэшце з’явіўся час скончыць універ! Акрамя таго, Мандэла вучыў афрыкаанс: «Нельга прывесці ворага ў засаду, калі не ведаеш, пра што думае варожы генерал».

А днём чакала цяжкая, часам бессэнсоўная праца: вязні драбнілі камяні на шчэбень і пераносілі з месца на месца. Праз тры гады іх перавялі на вапняковы кар’ер. Цёмныя акуляры не дазваляліся, і ад сляпучага сонца Нэльсан займеў праблемы са зрокам.

Мандэла паказвае прэзідэнту ЗША Білу Клінтану сваю камеру і пляцоўку, дзе драбіў камяні. WIKIMEDIA COMMONS

Мандэла паказвае прэзідэнту ЗША Білу Клінтану сваю камеру і пляцоўку, дзе драбіў камяні. WIKIMEDIA COMMONS

«У турме я любіў выносіць смецце. Часам там трапляліся абрыўкі газет. Я браў гэтыя абрыўкі, чысціў, а ўвечары ціха чытаў у камеры. Наўрад ці калі-небудзь хтосьці яшчэ так цаніў прэсу».

За гэтыя абрыўкі ён не раз трапляў у карцар. Пасля вызвалення Мандэла штодзень выконваў рытуал: пасля сняданку сядаў у крэсла і пераглядаў усе восем рэгіянальных газет — ад першай паласы да калонкі з анекдотамі.

Увесь час у турме ён сур’ёзна ставіўся да здароўя: скакаў, адціскаўся.

Калі на востраве зайшла гаворка пра тое, каб абвясціць галадоўку, Нэльсан запрацівіўся: «Мы і так змагаемся тут за выжыванне — навошта нам самім пазбаўляць сябе ежы? Трэба з’ядаць усё, што нам даюць. Трэба клапаціцца пра сябе, каб выстаяць».

Спярша сувязі са знешнім светам было мала: яму дазвалялася адно наведванне і адно пісьмо на шэсць месяцаў. Пры гэтым час ад часу да яго пускалі замежных афіцыйных асоб. Аўтарытэт Мандэлы ўсё рос, і быў нават эпізод, калі ён здолеў паскардзіцца запрошаным суддзям на жорсткасць новага начальніка турмы. Неўзабаве таго знялі.

Адзін з найлепшых фільмаў пра афрыканскую турму часоў апартэіду — захапляльныя і напружаныя «Уцёкі з Прэторыі». У галоўнай ролі там сыграў Дэніэль Рэдкліф. Гары Потэр вырас 

Адзін з найлепшых фільмаў пра афрыканскую турму часоў апартэіду — захапляльныя і напружаныя «Уцёкі з Прэторыі». У галоўнай ролі там сыграў Дэніэль Рэдкліф. Гары Потэр вырас 

«Быць бацькам нацыі — вялікі гонар, але быць бацькам сямейства прыносіць больш радасці. А гэтай радасці было так мала ў маім жыцці», — прызнаваўся Мандэла. Дзеці ўпершыню пабачылі яго праз 10 гадоў зняволення: «Tata! Tata!» — плакалі яны, абдымаючы 56-гадовага Нэльсана. На мове коса гэта таксама азначае «бацька».

«Толькі свабодныя людзі могуць весці перамовы»

У 1980-я ў ПАР павеяла грамадзянскай вайной. Міжрасавыя канфлікты набывалі страшныя абароты. Усё больш чорных цярпела ад паліцыі. Усё больш белых — ад рук чарнаскурых радыкалаў. Сітуацыю запусціла паўстанне ў Саўэта, прыгарадзе Іаганесбурга. У 1976 годзе там адбыліся пратэсты школьнікаў супраць увядзення афрыкаансу як асноўнай мовы навучання замест англійскай. Але «чарнаскурыя павінны разумець, што ім кажа начальства», — вырашыў урад. На родных мовах выкладаліся толькі Закон Божы, музыка і фізкультура.

16 чэрвеня (цяпер гэтая дата адзначаецца як Дзень моладзі) каля 20 тысяч школьнікаў не пайшлі ў школу, многія сабраліся на дэманстрацыю пад лозунгам «Калі мы павінны ведаць афрыкаанс, то прэм’ер-міністр павінен ведаць зулу». Паліцыя адкрыла агонь. Захаваліся страшныя кадры гэтых хлопчыкаў у штоніках са шлейкамі — старэйшы нясе на руках меншага, забітага, а за імі дзяўчаткі ў школьных спадніцах. Пратэсты распаўсюдзіліся, да канца года ў ПАР загінулі некалькі соцень чалавек, дакладная колькасць невядомая.

«Цяпер і мы ведалі, што такое слезацечны газ»

Унук Мандэлы Ндаба так успамінае тыя смутныя часы: «Мы з сябрамі чулі пра паўстанне ў Саўэта. Мы біліся на палках — «паліцэйскія» супраць «пратэстоўцаў» — і разыгрывалі ў дварах жорсткія сцэны, якія кожны дзень бачылі па тэлевізары.

Аднойчы ўвосень 1992 года (лета ў нас заканчваецца ў красавіку, гэта значыць, быў, напэўна, май), гуляючы ў футбол, мы ўбачылі, як на нашай вуліцы збіраецца марш пратэсту. Нам было гадоў па дзесяць. Але мы падумалі: «Мы ж ужо дарослыя! Мы — воіны!» І далучыліся.

Марш быў не вельмі людным — чалавек восемдзесят-сто гадоў дваццаці, яны спявалі, размахвалі сцягамі і нешта скандавалі. Мы прайшлі два ці тры кварталы, калі ўбачылі вялізную жоўтую машыну «Хіпа», якая вывернула з-за рога проста на нас. Яе гармата рэзка крутнулася: «Пах! Пах! Пах!» Над нашымі галовамі зашыпелі каністры са слезацечным газам — і людзі з крыкамі кінуліся хто куды. Хтосьці спатыкаўся і падаў, іншыя дапамагалі ім падняцца.

Мы з сябрамі паджгалі дадому… Там, адкашляўшыся, адпляваўшыся, мы паглядзелі адзін на аднаго. Нам было не страшна, наадварот! Мы былі ў захапленні: цяпер і мы сталі сапраўднымі байцамі! Цяпер і мы ведалі, што такое слезацечны газ».

Развязка блізкая

Паўстанне ў Саўэта радыкальна змяніла псіхалагічны фон у краіне. Упершыню за паўтара дзесяцігоддзя ўрад сутыкнуўся з масавым супрацівам. Тысячы чорных пачалі шукаць кантакт з «Дзідай нацыі».

Мацнеў міжнародны байкот. Капіталы сыходзілі з ПАР. Прадпрымальнікі, банкі, прэзідэнты прасілі ўрад вызваліць Мандэлу, каб разрадзіць абстаноўку. Але ўлады замест гэтага ладзяць прэс-тур, каб паказаць, якія добрыя камеры на востраве Робен, дзе сядзіць Мандэла.

У 1982-м Нэльсана з чатырма паплечнікамі перавялі ў турму Полсмур у Кейптаўне. Яны лічылі: каб абмежаваць іх уплыў на моладзь, вязняў 1976 года. Цяпер яму дазвалялі 52 лісты на год і нават пусцілі разбіць сад на даху турмы. Але Мандэла ўжо сумаваў па астраўным пейзажы.

Пад ціскам міжнароднай супольнасці прэзідэнт ПАР стаў выстаўляць Мандэле ўмовы. Ён прапанаваў вызваленне, калі той «назаўжды адмовіцца ад гвалту як палітычнай зброі». Але Мандэла яго абсек: «Толькі свабодныя людзі могуць весці перамовы. Зняволеным гэта забаронена. Я не буду рабіць ніякіх крокаў, пакуль мой народ і я ў няволі. Я вярнуся. Amandla!»

Яго пасланне зачытвала народу малодшая дачка. Ёй было 4, калі тату пасадзілі, і 31 — калі вызвалілі.

Потым яна расказвала, як цяжка было перамагчы гнеў на тату, што пайшоў на прынцып, вырашыўшы сядзець. «Мінула шмат часу, перш чым я змагла сабе прызнацца, што паважаю яго рашэнне».

У турму пачалі прыязджаць міністры, буйныя бізнэсоўцы — і Мандэла адчуў сябе гаспадаром сітуацыі. З 1986 года з ім правялі 46 сустрэч. Стала ясна, што вызваленне непазбежнае. Але гэты працэс заняў яшчэ чатыры гады.

У 1988-м Мандэлу перавялі ў турму «Віктар Верстар», ва ўласны домік з кухарам, відэамагнітафонам і басейнам. Да яго пускалі сваякоў і паплечнікаў. А ў наступным годзе кансерватыўны прэзідэнт ПАР Пітэр Вілем Бота перанёс інсульт. Яго наступнік Фрэдэрык дэ Клерк аказаўся прыхільнікам дыялогу, ён выпусціў палітвязняў і легалізаваў Афрыканскі нацыянальны кангрэс. 11 лютага 1990 года Мандэла выйшаў на волю, гэта паказвалі ў жывым эфіры на ўвесь свет.

У 1990-я апошні белы прэзідэнт ПАР Фрэдэрык дэ Клерк адмяніў несправядлівыя законы і правёў першыя выбары, у якіх удзельнічалі ўсе расы. Пераможцам на іх стаў Нэльсан Мандэла. За год да выбараў, у 1993-м, Мандэла і дэ Клерк атрымалі Нобелеўскую прэмію міру. WIKIMEDIA COMMONS

У 1990-я апошні белы прэзідэнт ПАР Фрэдэрык дэ Клерк адмяніў несправядлівыя законы і правёў першыя выбары, у якіх удзельнічалі ўсе расы. Пераможцам на іх стаў Нэльсан Мандэла. За год да выбараў, у 1993-м, Мандэла і дэ Клерк атрымалі Нобелеўскую прэмію міру. WIKIMEDIA COMMONS

Выйшаўшы на волю, Мандэла пабудаваў сабе домік на ўзор турэмнага. Ад пытанняў адмахваўся: «Я прывык да таго дома і не хачу ноччу блукаць у пошуках кухні».

Той, хто пачынае дыялог

Ад вызвалення да выбараў, на якіх Мандэла стаў прэзідэнтам, прайшло яшчэ чатыры гады — трэба ўмець цярпець. Увесь гэты час ішлі напружаныя перамовы. Калі ў 1993-м Мандэла і дэ Клерк атрымлівалі Нобелеўскую прэмію міру, іх адносіны былі што нацягнутая струна.

Праз дзесяць гадоў апошні белы прэзідэнт дэ Клерк скажа: «Адсутнасць азлобленасці — адна з выдатных якасцяў Мандэлы». А злавацца было на што. Урад зацягваў перамовы, каб вымусіць Нэльсана да саступак. Узбройваў і натраўліваў на народ коса ваяўнічых зулусаў. Правакаваў сутычкі з паліцыяй у чорных раёнах. 

На перадвыбарным мітынгу ў прыгарадзе Кейптаўна ў 1994 годзе. Фота Гліна Грыфітса

На перадвыбарным мітынгу ў прыгарадзе Кейптаўна ў 1994 годзе. Фота Гліна Грыфітса

У турме яму найбольш бракавала дзіцячых галасоў. І на волі ён стараўся гэта кампенсаваць. «Часам пакаленню даводзіцца стаць вялікім, — казаў ён. — Гэтым пакаленнем можаце стаць вы. Дазвольце заквітнець сваёй велічы». WIKIMEDIA COMMONS

У турме яму найбольш бракавала дзіцячых галасоў. І на волі ён стараўся гэта кампенсаваць. «Часам пакаленню даводзіцца стаць вялікім, — казаў ён. — Гэтым пакаленнем можаце стаць вы. Дазвольце заквітнець сваёй велічы». WIKIMEDIA COMMONS

«Калі ты ведаеш мову ворага, ён у тваёй уладзе»

Бачачы ўсё гэта, Мандэла арганізуе забастоўку і робіць нечаканы крок — выступае па тэлевізары на мове афрыкаанс, роднай мове сваіх ворагаў. Пры гэтым кажа: «Дэ Клерк — чалавек вялікай прыстойнасці». Паплечнікі азадачаныя: як ён мог такое сказаць пра гэтага гада! Але Мандэла адчуваў, што гаварыць і калі.

У турме на востраве Робен Мандэла давёў веданне афрыкаанса да дасканаласці. Турэмшчыкі звярталіся да яго па дапамогу: перакласці лісты, разабраць дакументы. «Начальнік турмы тасаваў ахоўнікаў кожныя паўгода, каб яны не пасябравалі са мной. Яны павінны былі лічыць мяне за ворага і адпаведна ставіцца. Але,

калі ты ведаеш мову ворага, ён у тваёй уладзе. Каб перамагчы ворага, трэба супрацоўнічаць з ім. Тады ён стане тваім партнёрам, можа быць, нават сябрам».

Нерашучы дэ Клерк арганізуе рэферэндум сярод белых — гэта было апошняе галасаванне, дзе бралі ўдзел толькі белыя. 68% прагаласавалі за працяг перамоў. 

Дзень свабоды

27 красавіка 1994 года прайшлі першыя ўсеагульныя выбары (цяпер гэта дзяржаўнае свята — Дзень свабоды). Чорныя плакалі, апускаючы бюлетэні. Прэзідэнтам стаў Мандэла. Віцэ-прэзідэнтам — дэ Клерк. Партфелі падзялілі між АНК і белай, афрыканерскай Нацыянальнай партыяй. Міністрам унутраных спраў прэзідэнт прызначыў нядаўняга ворага, кіраўніка ваяўнічых зулусаў. У гэтым кампрамісе — увесь Мандэла.

А нараджэнне нацыі паўднёваафрыканцаў адбылося праз год. ПАР прымала чэмпіянат свету па рэгбі. У фінал выйшлі каманды ПАР і Новай Зеландыі. У рэгбі тым часам гулялі выключна белыя, і традыцыйна, дзесяцігоддзямі ўсе чарнаскурыя падтрымлівалі каманду-суперніка. Але ў 1995-м на стадыён прыехаў Мандэла. Ён быў у бейсболцы «Спрынгбоксу», рэгбі-каманды, шчыра радаваўся іх перамозе і ўручыў капітану зборнай кубак. Гэта быў сігнал афрыканцам усіх рас: «Мы адзін народ».

Нацыя паўднёваафрыканцаў нарадзілася ў 1995-м, на чэмпіянаце свету па рэгбі. BRITANNICA.COM

Нацыя паўднёваафрыканцаў нарадзілася ў 1995-м, на чэмпіянаце свету па рэгбі. BRITANNICA.COM

Матч па рэгбі, куды Мандэла прыйшоў, каб падтрымаць белую каманду ПАР, стаў пераломным момантам у гісторыі паўднёваафрыканскай нацыі. Яго асэнсаваў культавы рэжысёр Клінт Іствуд у фільме «Непераможны» (2009). Ролю Мандэлы сыграў Морган Фрыман, капітана рэгбі-каманды — Мэт Дэйман

Матч па рэгбі, куды Мандэла прыйшоў, каб падтрымаць белую каманду ПАР, стаў пераломным момантам у гісторыі паўднёваафрыканскай нацыі. Яго асэнсаваў культавы рэжысёр Клінт Іствуд у фільме «Непераможны» (2009). Ролю Мандэлы сыграў Морган Фрыман, капітана рэгбі-каманды — Мэт Дэйман

Камісія па высвятленні ісціны і прымірэнні

Мандэла разумеў, што ўзаемнае прабачэнне — шлях да прымірэння і яднання. Толькі так грамадства зможа рухацца наперад. У гэтым быў і эканамічны сэнс: суседзі, якія выганялі былых каланізатараў, знішчылі гэтым сваю эканоміку, пагрузіліся ў беднасць, а да ўлады ў многіх афрыканскіх краінах прыйшлі жахлівыя рэжымы.

Толькі стаўшы прэзідэнтам, Мандэла стварыў Камісію па высвятленні ісціны і прымірэнні для расследавання злачынстваў, учыненых у перыяд з 1960 па 1994 год у ходзе барацьбы з апартэідам. Камісія не была дзяржаўным органам, не мела паўнамоцтваў суда. Яе задачай было даць слова пакрыўджаным, ахвярам, а не катам.

Пасяджэнне Камісіі па пошуку ісціны і прымірэнні. Узначальваў яе арцыбіскуп Дэсмант Туту. Часам яму ледзьве ўдавалася стрымліваць слёзы. RAYMOND PRESTON, TIMESLIVE.CO.ZA

Пасяджэнне Камісіі па пошуку ісціны і прымірэнні. Узначальваў яе арцыбіскуп Дэсмант Туту. Часам яму ледзьве ўдавалася стрымліваць слёзы. RAYMOND PRESTON, TIMESLIVE.CO.ZA

Шануючы пакуты людзей, камісія не выклікала іх да сябе, а сама выпраўлялася ў вёскі і гарадкі запісваць іх паказанні. «Нам трэба было паглядзець у вочы зверу, каб мінулае больш не трымала нас у закладніках», — казаў кіраўнік камісіі арцыбіскуп Дэсманд Туту, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 1984 года. За два гады праз камісію прайшло 22 тысячы ахвяр. І 8 тысяч катаў, якія атрымалі амністыю. Камісія папярэджвала: калі злачынцы не аб’явяцца да мая 1997 года, рэшту жыцця пражывуць у страху, што іх раскрыюць.

Кожную нядзелю на працягу двух гадоў пасяджэнні камісіі паказвалі па ТБ, транслявалі па радыё. Ахвяры і каты сядзяць вочы ў вочы. Гавораць адно да аднаго. «Ты падвесіў мяне за ногі і завязаў вяроўку так, каб я не мог дыхаць…», «…І вы застрэлілі яе! Яна была ў сінім плашчы, памятаеце?» — гэта ўжо муж загінулай ад чарнаскурых радыкалаў у пачатку 90-х. І ўсе плачуць. Арцыбіскупу Туту часам робіцца невыносна. Ён кусае сябе за палец — напэўна, каб не закрычаць, — і кладзецца галавой на стол.

У камісію звярталіся людзі, чые блізкія прапалі без вестак. І служачыя тайнай паліцыі расказвалі: іх замкнулі ў грузавіку, начыненым выбухоўкай, і пусцілі з абрыву; закатавалі ў пячоры; спалілі за горадам…

Самым частым пытаннем было «Як адшукаць косткі?», самай частай просьбай — паставіць помнік.

Некаторыя ахвяры першы раз бачылі сваіх мучыцеляў пры дзённым святле, тварам у твар. Ахвяры і іх сем’і часта прасілі былых сілавікоў прызнаць віну ды пашкадаваць пра свае дзеянні.

Амністыю злачынцам часоў апартэіду давалі, калі злачынец мог даказаць, што да злачынства яго змушала палітычная сістэма. Але за асабліва цяжкія злачынствы ў амністыі адмаўлялі.

Не ўсім дастаткова было прымірэння. Некаторыя звярнуліся ў суд. Але многія, выгаварыўшыся і пабачыўшы раскаянне сваіх крыўдзіцеляў, адчулі палёгку. Важнай была глыбокая павага перад іх пакутамі, прызнанне і ўшанаванне іх гора. «Сёння, — сказаў адзін стары, — маімі слязамі разам са мной плакаў увесь народ».

Спачатку большасць белых адмаўлялася прызнаваць сістэмны характар катаванняў, калецтваў і забойстваў у час апартэіду. Па словах арцыбіскупа Туту, «вельмі цяжка абудзіць таго, хто прыкідваецца, што ён спіць». Але сукупны аб’ём сведчанняў людзей з розных куткоў краіны расплюшчыў ім вочы.

Мандэла лічыў: каб захаваць мір, нельга ладзіць Нюрнбергскі працэс. Ён заклікаў дараваць — але не забыць.

Мандэла ўвёў моду на шаўковыя кашулі з мудрагелістым узорам. У яго гонар іх сталі называць мадзібамі. Мадзіба — племянное імя: так звалі даўняга продка Нэльсана Мандэлы, і так у старасці сталі называць самога Нэльсана. Праз гэты зварот праяўлялі павагу і любоў. WIKIMEDIA COMMONS

Мандэла ўвёў моду на шаўковыя кашулі з мудрагелістым узорам. У яго гонар іх сталі называць мадзібамі. Мадзіба — племянное імя: так звалі даўняга продка Нэльсана Мандэлы, і так у старасці сталі называць самога Нэльсана. Праз гэты зварот праяўлялі павагу і любоў. WIKIMEDIA COMMONS

Асабістае

«Кіраваць краінай значна лягчэй, чым кіраваць сям’ёй», — жартаваў Нэльсан, размаўляючы з адным са сваіх 17-ці ўнукаў.

Эвелін — першая жонка Мандэлы. На фота — 1944 год, яна сяброўка нявесты на вяселлі супольных сяброў. Медсястра і грамадская актывістка, Эвелін стала сведкай Іеговы і мужавай актыўнасці не прыняла. У 1990- я яна трымала краму гародніны і жыла звычайным жыццём з дзецьмі, унукамі і другім мужам. WIKIMEDIA COMMONS

Эвелін — першая жонка Мандэлы. На фота — 1944 год, яна сяброўка нявесты на вяселлі супольных сяброў. Медсястра і грамадская актывістка, Эвелін стала сведкай Іеговы і мужавай актыўнасці не прыняла. У 1990- я яна трымала краму гародніны і жыла звычайным жыццём з дзецьмі, унукамі і другім мужам. WIKIMEDIA COMMONS

У Мандэлы было тры жонкі. З першай, Эвелін, яны мелі чацвёра дзяцей: дзвюх дачок па імені Маказіве (адна з іх памерла маленькай, у 9 месяцаў) і дваіх сыноў. З першага класа дзеці мусілі жыць пад фальшывымі імёнамі.

Старэйшы Тэмбі загінуў у аварыі, калі Нэльсан сядзеў у турме, а малодшы Макгата памёр ад ВІЧ ужо пасля яго прэзідэнцтва. Пасля гэтага Мандэла пачаў кампанію дапамогі хворым і прафілактыкі, дзеля чаго адкрыў фонд «46664» — такі быў яго турэмны нумар. Так экс-прэзідэнт змагаўся са стыгматызацыяй хворых на СНІД.

Шляхі Нэльсана і Эвелін сышліся на палітычнай глебе і на ёй жа праз 14 гадоў шлюбу разышліся. Актывістка АНК стала сведкай Іеговы і асуджала мужаву палітычную актыўнасць: «Ты спрабуеш рабіць тое, што мусіць рабіць Бог».

Пазней Эвелін казала, што прычынай разводу стала мужава нявернасць (гаварылі, што сакратарка АНК нават нарадзіла ад яго дзіця), і абуралася: «Свет занадта ўзносіць Нэльсана. Як чалавек, які здзейсніў пралюбадзейства і пакінуў жонку з дзецьмі, можа быць другім Ісусам? Ён усяго толькі мужчына».

Развод быў пакутлівы, доўжыўся два гады — Нэльсан безвынікова змагаўся за апеку над дзецьмі.

Віні Мандэлу, другую жонку Нэльсана, называлі Маці нацыі. Яна чакала яго на волі, сустракала пасля 27 гадоў турмы… Але ўжо праз год пара разышлася. Тым не менш, нават калі Нэльсан зноў ажаніўся, Віні запрашалі на ўсе сямейныя святы. WIKIMEDIA COMMONS

Віні Мандэлу, другую жонку Нэльсана, называлі Маці нацыі. Яна чакала яго на волі, сустракала пасля 27 гадоў турмы… Але ўжо праз год пара разышлася. Тым не менш, нават калі Нэльсан зноў ажаніўся, Віні запрашалі на ўсе сямейныя святы. WIKIMEDIA COMMONS

Другую жонку Мандэла сустрэў проста на вуліцы пасля аднаго са сваіх судоў. Віні была першай у ПАР чарнаскурай сацыяльнай работніцай, мела шалёную харызму, і вочы яе гарэлі не менш, чым у Нэльсана. На 18 гадоў маладзейшая за мужа, за чатыры гады сумеснага жыцця паміж судамі яна паспела нарадзіць дачок Зенані і Зіндзі. Калі мужа пасадзілі, Віні стала сімвалам супраціву. Ёй самой прыйшлося перажыць страшныя здзекі і 1,5 года правесці ў «адзіночцы» ў Прэторыі.

Віні і Нэльсан разышліся ў 1990-я. Публічна Нэльсан тлумачыў, што ў Віні з’явіўся іншы каханы, з якім яна працягвала бачыцца і пасля вызвалення мужа. Але блізкія сцвярджаюць, што ён вельмі цяжка перажываў ідэалагічныя разыходжанні. Выявілася, што пакуль ён з турмы настойліва заклікаў да міру і Афрыкі для ўсіх, Віні заяўляла: «Разам, рука аб руку, узброіўшыся запалкамі і шынамі, мы вызвалім гэтую краіну!» Мелася на ўвазе жудаснае забойства: адзець на чалавека аблітую бензінам шыну і падпаліць. Пры гэтым Віні распавядала пра ўсе жахі і прыніжэнні, якія вынесла ад белых за час свайго зняволення.

Было і цяжкае канкрэтнае абвінавачанне. У 1980-я яна стварыла з сірот так званы футбольны клуб Мандэлы. Насамрэч, гэта была банда целаахоўнікаў «Маці нацыі».

Сярод іншага, гэтыя хлопцы ў доме Віні закатавалі 14-гадовага чарнаскурага падлетка, якога западозрылі ў працы на паліцыю.

Віні папрасіла прабачэння ў сем’яў ахвяр. А сэрца Нэльсана было разбітае. У 1994-м ён абвесціў пра разрыў адносін, праз чатыры гады — пра развод. Але Мандэла працягваў паважаць гэту жанчыну. Унук успамінае, як страшэнна раззлаваўся Мандэла, калі пабачыў па тэлебачанні, як новы прэзідэнт Таба Мбекі паводзіцца з Віні. У 2001 годзе на адзначэнні Дня моладзі яна падышла да Мбекі і нахілілася, каб пацалаваць таго ў шчаку на знак прывітання. Але Мбекі адштурхнуў яе — і з яе галавы ўпала бейсболка. «Як ён мог?! — крычаў Мандэла. — Ці можна так ставіцца да жанчыны?!» У той дзень ён адмовіўся размаўляць з Мбекі па тэлефоне, яны доўга мірыліся.

Трэцяй жонкай Нэльсана Мандэлы стала Граса Машэл, удава былога прэзідэнта Мазамбіка. Рэдкасны выпадак: Граса пабывала першай лэдзі дзвюх дзяржаў. Вяселле справілі на 80-годдзе Нэльсана. WIKIMEDIA COMMONS

Трэцяй жонкай Нэльсана Мандэлы стала Граса Машэл, удава былога прэзідэнта Мазамбіка. Рэдкасны выпадак: Граса пабывала першай лэдзі дзвюх дзяржаў. Вяселле справілі на 80-годдзе Нэльсана. WIKIMEDIA COMMONS

Трэцяй жонкай Мандэлы стала Граса Машэл, удава былога прэзідэнта суседняга Мазамбіка Самора Машэла, які ў 1986 годзе загінуў у авіякатастрофе. Яны распісаліся на Нэльсанава 80-годдзе. Грасе было 52. Яна займалася гуманітарнай дапамогай дзецям і жанчынам Афрыкі. Скончыла Лісабонскі ўніверсітэт і вольна гаварыла на сямі мовах.

«Найперш Граса адмяніла традыцыю званіць у званочак за абедзенным сталом, — расказвае ўнук Мандэлы. — Гэта было зусім не ў яе стылі, і я быў гэтаму рады. Калі я толькі прыехаў, мне здавалася, што гэта вельмі крута, але пасталеўшы, стаў чуць у гэтым адгалоскі каланіяльных традыцый. Цяпер я разумею, што гэта было вынікам доўгіх гадоў зняволення Мадзібы [племянное імя Мандэлы]: ён не ведаў некаторых рэчаў аб сучасных традыцыях, таму што прапусціў велізарны кавалак жыцця».

Неймавернае прымірэнне

У 1990 годзе дэ Клерк прапаноўваў Мандэлу фармат федэрацыі: рэгіён для белых, рэгіён для чорных. Але ў таго было сваё бачанне.

Тое, што адбылося пасля выбараў 1994 года, сучаснікі называюць цудам. ПАР пазбегла міжрасавай разні пасля прыходу да ўлады чорных. Нейкая частка афрыканераў з’ехала, але большасць засталася жыць і працаваць.

Жорсткасць — не крутасць і не стратэгія

З маладосці Мандэла абажаў бокс. «Я шкадую ў жыцці толькі пра адно — што не стаў чэмпіёнам свету па боксе», — жартаваў ён.

Унук успамінае, як у 1997-м з чыпсамі ў руках яны чакалі легендарнага бою Эвандэра Холіфілда і Майка Тайсана, «слухаючы філасофскія разважанні дзеда аб прынцыпе роўнасці ў боксе. Для яго была важная любая сітуацыя, у якой раса і грошы адыходзілі на другі план».

Мандэла глядзеў баі, міжволі прымаючы ў крэсле стойку баксёра. Пры гэтым ён вёў страсны «дыялог» з каментатарам.

Падчас гэтага бою Тайсан адкусіў Холіфілду кавалачак вуха. Мандэла быў абураны да глыбіні душы. «Гэта ж не пеўневыя баі, паводзь сябе годна! — крычаў ён у тэлевізар. — Будзь мужчынам, гуляй па правілах!»

Жорсткасць не мае нічога супольнага ні з крутасцю, ні са стратэгіяй, сказаў ён потым унукам. Ulwazi alukhulelwa — «Крычучы аб ўласнай велічы, вялікім не станеш». Адкусіўшы вуха суперніка, не станеш чэмпіёнам.

Неўзабаве пацярпелы Холіфілд без ладнай часткі вуха прыехаў да Мандэлы (ён часта прымаў у сябе селебрыці з усяго свету). Яны сябравалі да канца жыцця Мандэлы. 

Паўднёвая Афрыка пасля Мандэлы

Праз некалькі тыдняў пасля перамогі на выбарах Мандэла заснаваў фонд падтрымкі моладзі, куды штогод накіроўваў 12 000 долараў — траціну свайго заробку. «За доўгія гады, праведзеныя ў турме, я ні разу не чуў дзіцячых галасоў, і менавіта гэтага мне не хапала больш за ўсё», — прызнаваўся Мандэла. Стварэнне сістэмы адукацыі, якая выцягне Афрыку з беднасці, было яго прыярытэтам. 

Паводле запавету Мандэлы, грамадства далей працуе над захаваннем грамадзянскага міру. Што праўда, сітуацыя трансфармуецца. Як для нашай моладзі савецкія часы становяцца міфам, так і ў ПАР белая і чорная моладзь усё менш разумее траўмы бацькоў.

Пратэя артышокавая, нацыянальная кветка ПАР, якая змяшчаецца над шчытом на дзяржаўным гербе.Акрамя кветкі пратэі, на гербе ПАР прысутнічае птушка-сакратар — магутная і хуткая, яна нібы абараняе сваю краіну ад ворагаў. Шчыт абкружаны біўнямі сланоў. А дэвіз напісаны на мясцовай мове цхам, якая вымерла ў ХІХ стагоддзі: «Розныя людзі, яднайцеся» — намёк на шматнацыянальны склад ПАР. На фота пратэя сорту Мадзіба. FLICKR, 阿橋 HQ

Пратэя артышокавая, нацыянальная кветка ПАР, якая змяшчаецца над шчытом на дзяржаўным гербе.
Акрамя кветкі пратэі, на гербе ПАР прысутнічае птушка-сакратар — магутная і хуткая, яна нібы абараняе сваю краіну ад ворагаў. Шчыт абкружаны біўнямі сланоў. А дэвіз напісаны на мясцовай мове цхам, якая вымерла ў ХІХ стагоддзі: «Розныя людзі, яднайцеся» — намёк на шматнацыянальны склад ПАР. На фота пратэя сорту Мадзіба. FLICKR, 阿橋 HQ

Сакрэт поспехаў Мандэлы — не толькі харызма, вера ў сваю справу, а і фантастычная інтуіцыя. Дзе і калі пайсці на кампраміс, а дзе стаяць да канца.

А спадчына Мандэлы — не толькі ў нязломнасці падчас барацьбы за дэмакратыю, але і ў павазе да прававых нормаў пасля перамогі. У адрозненне ад многіх афрыканскіх лідараў, Мандэла заставаўся ва ўладзе толькі адзін тэрмін, ад 1994 да 1999 гадоў, заклаўшы традыцыю зменнасці прэзідэнтаў.

Клас
14
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4