Міністэрства падаткаў і збораў патлумачыла парадак дзеянняў суб'ектаў гандлю з улікам пастановы Савета Міністраў ад 23 красавіка 2021 года №240 «Аб ужыванні спецыяльных захадаў», якім устаноўлены пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, паведамілі БелТА ў МПЗ.

Беларускія ўлады агучылі свае контрсанкцыі. Пад забарону трапілі Skoda і Nivea

У пералік забароненых унесеныя тавары груп кампаній Liqui Moly, Skoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8x4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me). Пералік тавараў і палажэнне аб парадку дзеянняў у дачыненні да іх уступаюць у сілу з 5 мая.

Для суб'ектаў гаспадарання прадугледжаная магчымасць рэалізаваць наяўныя ў іх рэшткі забароненых тавараў, прамаркіраваўшы іх спецыяльнымі кантрольнымі знакамі. Для гэтага яны павінны выканаць шэраг патрабаванняў. Ім варта з 5 мая прыпыніць аптовы і рознічны гандаль дадзенымі таварамі. Затым не пазней за 13 мая трэба правесці іх інвентарызацыю і здаць вопіс у МПЗ.

Спецыяльныя кантрольныя знакі ў колькасці, якая не перавышае колькасць тавару, пазначаную ў вопісе, трэба будзе купляць у выдавецтве «Белбланкавыд». Затым не пазней за 5 ліпеня трэба прамаркіраваць рэшткі тавараў. Пры гэтым распакаваныя рэшткі рэалізуюцца без маркіроўкі на працягу 60 каляндарных дзён ад інвентарызацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0