Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Навукоўцы сабралі клеткі мозгу чалавека, шымпанзэ і гарылы, вырасцілі з іх зборы клетак і зрабілі з імі эксперыменты. У выніку ўдалося знайсці невядомы дагэтуль малекулярны пераключальнік, асноўны элемент якога — ген ZEB2. Ён кантралюе рост мозгу і робіць яго ў тры разы большым за мозг вышэйшых прыматаў, піша The Guardian.

Доктарка Мадлен Ланкастэр з Кембрыджскага ўніверсітэта, якая ўдзельнічае ў даследаванні, распавяла, што знойдзены ген амаль цалкам нясе адказнасць за розніцу ў памеры мозгу.

Падчас развіцця чалавечага мозгу ён актывуецца на больш позняй стадыі, чым падчас аналагічных працэсаў у мозгу прыматаў, што дазваляе чалавечым нейронам больш актыўна дзяліцца да моманту сталасці.

Біёлагі паспрабавалі штучна затрымаць актывацыю гена ZEB2 у клетках гарылы і паскорыць яе ў чалавечых нейронах. У выніку мазгавая тканка гарыл разраслася больш, чым звычайна, а чалавечая тканка, наадварот, расла не так хутка.

Джон Мэйсан, прафесар Эдынбургскага ўніверсітэта тлумачыць, чаму важна ведаць, як адбываецца нармальнае развіццё мозгу. Па-першае, гэта дапамагае нам зразумець, што робіць людзей унікальнымі. А па-другое, гэта інфармацыя можа патлумачыць, як узнікаюць парушэнні развіцця цэнтральнай нервовай сістэмы.

Справа ў тым, што некаторыя з такіх хвароб уплываюць на памер галаўнога мозгу, напрыклад, павелічэнне яго памеру — характэрная рыса некаторых хвароб аўтычнага спектру. Таму разуменне базавых працэсаў эмбрыянальнага развіцця мозгу можа палепшыць нашы веды пра падобныя хваробы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?