група ЧПП «Хутар»

група ЧПП «Хутар»

На гэтых відэа — дастаткова жорсткая карціна. У адным з двароў у Наваградку маленькае дзіця цягне на вяроўцы па снезе ката, топчацца па ім, потым пінае жывёлу, а далей — некалькі разоў падвешвае на парэнчах.

Відэа хутка разышлося па сацсетках, а мясцовыя валанцёры і проста неабыякавыя людзі звярнуліся ў міліцыю.

— Відэа з'явілася ў Інтэрнэце, было шмат каментароў, а таксама заява — міліцыя выехала ў сям'ю. Аказалася, што дзіцяці 4 гады. На відэа бачна, што ката таксама пінае пажылая жанчына, якая была побач з дзіцем, потым пінае дзіця, а далей ужо цягне яго па двары, крыху пазней — вешае некалькі разоў на парэнчах і цягне ў пад'езд.

Жанчына, як мы высветлілі, — бабуля дзіцяці. Яе апыталі міліцыянты. Яна, дарэчы, не думала, што ката ў яе будуць забіраць, казала, што знайшла яго хворага на вуліцы, доўга лячыла. Але як так можна абыходзіцца з жывёлай, калі ты яе любіш?

У выніку жанчына пагадзілася аддаць валанцёрам і міліцыянтам жывёліну. Бачных пашкоджанняў у ката няма, але ён такі, ведаеце, як вата: не супраціўляецца зусім, як быццам змірыўся са сваёй доляй, — распавядае Вольга, якая займаецца часовым пунктам ператрымкі «Хутар» у Наваградку.

У выніку ката адвезлі ў ветклініку ў Лідзе «Кот Бегемот». Там жывёлу абследуюць. Валанцёры кажуць, што каток падчас той прагулкі з дзіцем быў на шлейцы, а не на павадку.

«Хутар»

«Хутар»

— Быў бы павадок — не было б сёння каго забіраць з кватэры, — сумна кажа Вольга. — У нас такое заканадаўства наконт жорсткага абыходжання з жывёламі, што чалавек, які здзекуецца з сабакі або ката, атрымлівае зусім невялікае пакаранне, калі яго віна даказаная. І, на жаль, гэтая сям'я можа зноў узяць да сябе іншага ката — і гэтак жа з ім абыходзіцца. У паводзінах унука яго бабуля не бачыла нічога дрэннага і шчыра не разумела: а што такое здарылася? Для яе гэта, як здалося, было такімі нармальнымі паводзінамі дзіцяці, якое проста гулялася з кацянём.

Пакуль кот знаходзіцца ў клініцы, міліцыя праводзіць праверку па інцыдэнце, а валанцёры кажуць, што гісторыя стала настолькі рэзананснай, што актывізаваліся ашуканцы, якія нібыта збіраюць грошы на дапамогу жывёле.

— У пастах пра катка ў розных пабліках і групах у сацсетках невядомыя людзі пакідаюць нумары сваіх картак. Але мы цяпер не збіраем на ката грошы. Была патрэба адвезці жывёлу ў клініку, але адразу адгукнуліся людзі. Таксама трэба было аплаціць кошт пераноскі, бо, калі ехалі на месца, у нас з сабой нічога не было, — і тут усе прыйшлі на дапамогу астатнія ахвяраванні на жывёл, якія знаходзяцца ў часовым прытулку, яны прымаюцца афіцыйна праз АРІП. Уся інфармацыя ёсць у нашай групе. Проста не хочацца, каб людзі сталі ахвярамі махляроў, — кажа Вольга.

Валанцёры ўдзячныя ўсім людзям, якія звярнулі ўвагу на сітуацыю, пісалі заявы ў міліцыю і пракуратуру, не засталіся абыякавымі і дапамагалі з перавозкай жывёлы ў Ліду.

— Цяпер трэба дачакацца вынікаў абследавання ката. Будзем ведаць, ці трэба яму нейкае лячэнне. Потым ён будзе нейкі час на ператрымцы, а пазней, хутчэй за ўсё, будзем шукаць яму адказных і любячых гаспадароў — - кажуць валанцёры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?