Вечарам 19 снежня на чаяванне суседзяў у мінскі мікрараён Лебядзіны прыехалі 2 мікрааўтобусы сілавікоў. У двары знаходзілася прыкладна 25 жыхароў з дзецьмі, сімволікі ў іх, па словах мясцовых, не было.
— У выніку павезлі тату з двума маленькімі дзяўчынкамі — 6 і 8 гадоў, мужчыну без дзяцей і яшчэ аднаго тату, якога адарвалі ад каляскі з васьмімесячным малым. Каляска проста так і засталася стаяць на вуліцы і, мяркуючы па ўсім, патэлефанаваць жонцы не далі, расказалі Tut.by відавочцы.
На відэа, якое знялі мясцовыя жыхары, сапраўды бачна, як у бус заводзяць мужчын з дзецьмі.
Пазней мясцовыя жыхары даведаліся, што іх суседзі знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС. Тату з двума дзяўчынкамі выпусцілі.
— У мужчыны канфіскавалі тэлефон, сказалі, што будзе суд, выклічуць па позве, — распавяла мясцовая жыхарка Юлія.
Двух іншых затрыманых мужчын, паводле Юліі, з РУУС не адпусцілі.
Паводле яе слоў, мерапрыемства ў Лебядзіным «назваць чаяваннем можна было толькі ўмоўна».
— Гэта месца паміж двума дварамі, людзі гулялі з дзецьмі — і ўсё. Людзі ў сваім двары. Ніякіх сцягоў не было. Што далей будзе? Калі мужчынам у нашым мікрараёне нельга ўвечары на вуліцу на двор выходзіць, то няхай гэта давядуць да нас неяк, — кажа яна.