На наступным тыдні Міністэрства адукацыі плануе прэзентаваць нацыянальны электронны рэсурс, які дазваляе праводзіць школьныя заняткі ў дыстанцыйнай форме, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Меркавалася, што платформа на ўсю моц запрацуе ўвесну, але нешта не спрацавала.

У другую хвалю захворвальнасць на COVID-19 яшчэ вышэйшая. Паводле звестак на 9 снежня, зноў выяўлена больш за 1850 новых выпадкаў. Таму гэтым разам, мяркуючы па ўсім, разглядаецца варыянт пераводу школьнікаў на дыстанцыйнае навучанне.

Прагнозы медыкаў да эпідэмічнай абстаноўкі ў свеце пакуль несуцяшальныя. Таму цалкам імаверна, што адукацыйная платформа спатрэбіцца школьнікам ужо ў трэцяй чвэрці.

На платформе плануецца размясціць сотні відэаўрокаў. Прычым у першую чаргу ў базу запампоўваюцца матэрыялы для трэцяй чвэрці. Працягласць урока для малодшых класаў будзе 5-7 хвілін, для 5-8-х — 10-12 хвілін, для 9-11-х — 15-17 хвілін.

«Падчас прагляду вучню неабходна будзе ставіць ролік на паўзу, выконваць пэўныя заданні, а затым зноў яго запускаць. Напрыклад, будуць гучаць заклікі адкрыць сшытак, рашыць прыклад, і толькі пасля гэтага можна даведацца правільны адказ і параўнаць са сваім вынікам», — расказала пра тое, як гэта будзе працаваць, намесніца дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла Раманоўская.

Да ўрока будзе прыкладацца тэставае заданне. Акрамя таго мяркуецца, што з дапамогай платформы настаўнікі змогуць праводзіць і анлайн-урокі па прынцыпе відэаканферэнцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0