Сёння скончыўся 72-гадзінны тэрмін затрымання журналіста Tut.by Кацярыны Барысевіч. Яна не выйшла на свабоду і застаецца ў СІЗА КДБ да выстаўлення абвінавачвання — як мінімум да 29 лістапада. Кацярына праходзіць падазраванай па ч. 3 арт. 178 КК — раскрыццё ўрачэбнай таямніцы, якое прывяло да цяжкіх наступстваў. Крымінальную справу завяла Генеральная пракуратура.

Вечарам 19 лістапада Кацярына Барысевіч была затрыманая супрацоўнікамі ў цывільным і ў масках, якія пасля ператрусу ў кватэры павезлі яе ў невядомым кірунку. Крыху пазней Кацярына паведаміла дачцэ і калегам, што яна ў СІЗА КДБ, 20. лістапада адбыўся першы допыт. Як вядома з паведамленняў Генпракуратуры, распачата крымінальная справа па факце выдавання ўрачэбнай тайны. Гаворка ідзе пра стан загінулага Рамана Бандарэнкі, Кацярына была аўтарам артыкула, дзе паказвалася, што ў яго крыві не было алкаголю. З адваката журналіста Міхаіла Баднарчука ўзялі падпіску пра неразгалошванне, таму падрабязнасцяў крымінальнай справы мы не ведаем.

Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да лекара бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і іншай асобы на падставе ч. 3 арт. 178 КК (Разгалашэнне медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Раскрыццё ўрачэбнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?