Абарона Віктара Бабарыкі атрымала ад Камітэта па правах чалавека ААН пацверджанне рэгістрацыі індывідуальнага паведамлення, пададзенага ад яго імя адвакатамі Наталляй Мацкевіч і Дзмітрыем Лаеўскім. У пададзеным паведамленні гаворыцца аб парушэнні артыкула 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у выніку неабгрунтаванага затрымання Віктара Бабарыкі і заключэння яго пад варту, піша tut.by.

У Камітэт Віктар Бабарыка звярнуўся 6 ліпеня. Індывідуальнаму паведамленню нададзены рэгістрацыйны нумар 3788/2020.

— Паведамленне Віктара Бабарыкі змяшчае ў тым ліку запыт аб тэрміновых мерах, а менавіта, каб Камітэт правоў чалавека выказаў просьбу дзяржаве не перашкаджаць яго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, каб ён мог эфектыўна карыстацца сваімі правамі як прэтэндэнт у кандыдаты, уключаючы доступ да СМІ, выбаршчыкаў і чальцоў свайго штаба, — распавялі Мацкевіч і Лаеўскі.

Па стане на 13 ліпеня Камітэт па правах чалавека запытаў у Беларусі інфармацыю аб тым, ці ацаніла дзяржава належным чынам рызыкі таго, што заключэнне пад варту будзе перашкаджаць рэалізацыі палітычных правоў заяўніка ў будучых прэзідэнцкіх выбарах. Інфармацыя павінна быць дадзена Камітэту да 22 ліпеня.

Адвакаты нагадваюць, што Камітэт правоў чалавека — гэта орган маніторынгу і кантролю за выкананнем Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Рэспубліка Беларусь з 1973 года з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай гэтай міжнароднай дамовы, таму абавязалася паважаць і забяспечваць гарантаваныя ў ёй правы.

— Стаўшы ўдзельніцай першага Факультатыўнага пратакола ў Пакце ў 1992 годзе, Беларусь прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека прымаць і разглядаць паведамленні ад асоб, якія заяўляюць, што дзяржавай парушаныя іх правы, прадугледжаныя пактам, — адзначаюць абаронцы.

Нагадаем, 14 ліпеня ў ЦВК не зарэгістравалі Віктара Бабарыку кандыдатам у прэзідэнты. Штаб экс-банкіра заявіў, што будзе абскарджваць рашэнне ЦВК у судзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0