Суды і загсы перад скасаваннем шлюбу будуць прапаноўваць мужу і жонцы сустрэчу з медыятарам. З 1 ліпеня ўступаюць у сілу змяненні ў заканадаўстве па пытаннях медыяцыі, прадугледжаныя законам ад 18 снежня 2019 года нумар 277-З «Аб змяненні законаў», паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Мінюста Вольга Шыбко.

Гэты дакумент уносіць папраўкі і ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і. Замацоўваецца агульнае палажэнне аб абавязку суда і загсаў пры звароце мужа і жонкі з заявай аб скасаванні шлюбу растлумачваць ім права на ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам. У закон аб медыяцыі ўводзіцца паняцце і асноўны змест такой сустрэчы, калі растлумачваюцца мэты, прынцыпы і правілы медыяцыі, правы і абавязкі бакоў у працэдуры, функцыі, правы і абавязкі медыятара, парадак і прававыя вынікі заключэння медыятыўнага пагаднення.

Паводле слоў Вольгі Шыбко, гэты падыход ужо апрабаваны ў 2017-2018 гадах падчас пілотнага праекта ў загсах Мінска і пацвердзіў сваю эфектыўнасць. Змяненні дадуць магчымасць стварыць у грамадстве найбольш спрыяльныя ўмовы для захавання сям'і і зберажэння сямейных каштоўнасцей.

Кодэкс аб шлюбе і сям'і таксама дапоўнены палажэннямі, якія прадугледжваюць прымяненне медыяцыі па спрэчках, што ўзнікаюць з шлюбна-сямейных адносін. У прыватнасці, прадастаўляецца права бакам вызначыць у шлюбным дагаворы віды спрэчак паміж мужам і жонкай (былымі мужам і жонкай), якія могуць быць урэгуляваны з удзелам медыятара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0