presiden.gov.by

presiden.gov.by

Распараджэнне Лукашэнкі «Аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва» будзе ўвасоблена ў канкрэтных справах на карысць жыхароў Беларусі. Пра гэта журналістам заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка, перадае БЕЛТА.

Адміністрацыя прэзідэнта стараецца пастаянна быць у кантакце з насельніцтвам, гаворыцца ў паведамленні. Праводзіць выязныя прыёмы ў рэгіёнах, прамыя тэлефонныя лініі, разглядае звароты і заявы грамадзян, збірае інфармацыю з райвыканкамаў, аблвыканкамаў. «Увесь гэты вялізны масіў інфармацыі прааналізаваны. Дадаткова быў задзейнічаны маніторынг сацыялагічных службаў і іншых інстытутаў. І па даручэнні Прэзідэнта было падрыхтавана гэта распараджэнне. У ім знайшлі адлюстраванне практычна ўсе напрамкі: медыцынскае забеспячэнне, сфера паслуг, ЖКГ, горадабудаўніцтва, будаўніцтва дарог, немалаважныя пытанні, звязаныя з сацыяльнай палітыкай, цэнаўтварэнне, выплата зарплат», — адзначыў Ігар Сергеенка.

Ён растлумачыў, што ўсе прапісаныя ў дакуменце напрамкі можна ўмоўна падзяліць на два блокі. Першы — задачы, якія з’яўляюцца стратэгічнымі для мясцовай улады і ўрада, і другі — першачарговыя мерапрыемствы, якія будуць праведзены ў гэтым і наступным годзе, па развіцці канкрэтных рэгіёнаў, рэалізацыі канкрэтных праграм.

«Плануецца пабудаваць шэраг аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, у тым ліку дзіцячыя дашкольныя ўстановы, у некалькіх гарадах — гэта Дзяржынск, Салігорск, Заслаўе. Калі гаварыць у цэлым па краіне, гэта і пытанні развіцця Магілёва, Полацкага раёна, Пінска і многіх іншых. Сур’ёзная ўвага будзе ўдзелена пытанням жыллёвай палітыкі, выдзялення сродкаў на будаўніцтва арэнднага жылля, жылля для ваеннаслужачых, а таксама добраўпарадкавання ваенных гарадкоў», — дадаў Ігар Сергеенка.

Непасрэдна Адміністрацыяй прэзідэнта сумесна з Камітэтам дзяржкантролю будзе арганізаваны маніторынг і кантроль за выкананнем распараджэння. Штоквартальныя даклады аб гэтым будуць на стале ў кіраўніка дзяржавы. «Гэта распараджэнне знойдзе адлюстраванне ў рэальных, канкрэтных мерапрыемствах на карысць нашых грамадзян», — сказаў на заканчэнне Ігар Сергеенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0