Яўген Якавенка

Яўген Якавенка

Жыхар Гомеля Яўген Якавенка 23 мая страціў бацьку. 68-гадовы жыхар абласнога цэнтра заразіўся COVID-19 у анкалагічным шпіталі. Праз месяц ягоны сын дабіўся, каб каранавірус зафіксавалі як асноўную прычыну смерці, піша «Радыё Свабода».

«Яго тры тыдні лячылі ад каранавіруса ў розных шпіталях. Але прычынай смерці напісалі анкалогію. Я не пагадзіўся з гэтым», — сказаў Яўген. Ён упэўнены: каб не каранавірус — бацька быў бы жывы.

«Навошта мне было намагацца? Хацелася справядлівасці»

Яўген Якавенка-малодшы дабіўся ўскрыцця і таго, каб даведка аб смерці стала папярэдняй, а не канчатковай. Месяц Яўген чакаў вынікаў дадатковых аналізаў, якія рабілі ў Мінску.

30 чэрвеня ён атрымаў новую, канчатковую даведку аб смерці бацькі. Там напісана ўжо не «ўтварэнне ў лёгкіх», то-бок анкалогія, а «сіндром рэспіраторнага разладу», «вірусная пнеўманія», «каранавірус».

«Навошта мне было намагацца? Хацелася справядлівасці. І раз татку не ўдалося ўратаваць, то трэба хаця б прызнаць, што ён памёр ад каранавіруса — каб папярэдзіць іншых людзей, што ўсё сур’ёзна і гэта вельмі страшная хвароба», — кажа Яўген.

У яго засталася моцная крыўда, калі на ўсіх этапах лячэння бацькі быў брак інфармацыі, дактары не хацелі казаць, што адбываецца.

«Складаецца ўражанне, што вакол каранавіруса ствараюць такую адмысловую завесу, каб людзі не баяліся належным чынам, не засцерагаліся», — лічыць Яўген.

Калі чалавек памёр ад каранавіруса і пнеўманіі, а яму пішуць, што ад анкалогіі, то, на думку Яўгена, гэта здзек.

«І спосаб прыхаваць статыстыку. А статыстыка, лічбы ў нашай краіне — галоўная сфера, пра якую пільна дбаюць, прыкладаюць намаганні, каб лічбы былі «патрэбныя». Цяпер я ведаю, што 23 мая як мінімум на аднаго чалавека больш памерла ад каранавіруса, чым па афіцыйнай статыстыцы. Бо мой тата ў тую статыстыку не трапіў — тады. І не думаю, што ён адзін», — дадаў Яўген.

Ён лічыць, што многія людзі ў час бяды — смерці блізкага чалавека проста «плывуць за вадою» — пагаджаюцца на любыя даведкі аб прычыне смерці, не настойваюць на ўскрыцці.

«Не кожны пагодзіцца на ўскрыццё, каб яшчэ пасля смерці турбавалі блізкага чалавека. Але гэта адзіны, бадай, спосаб дабіцца праўды.

Мне дабіцца гэтай даведкі каштавала безліч нерваў і намаганняў. Каб я не праяўляў рашучасць, наўрад ці яно ўсё б атрымалася само сабой — маю на ўвазе праўдзівую даведку аб прычыне смерці таты», — кажа Яўген Якавенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?