Раніцай 17 чэрвеня да Віталіі Навумік прыйшлі дадому прадстаўнікі дзіцячага саду: праверыць умовы пражывання. У Віталіі спыталі, чаму яна давала інтэрв'ю, і намякнулі, што могуць забраць дзіця з-за затрымання мужа. Уладзіміра Навуміка затрымалі 29 мая на Савецкай плошчы ў Гродне разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, піша hrodna.life.

Уладзіміру Навуміку выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён застаецца, як і іншыя затрыманыя ў той дзень, у мінскім СІЗА №1. Віталія кажа, што мужа затрымалі выпадкова, калі ён праходзіў побач і зацікавіўся тым, што адбываецца на плошчы.

«Да мяне сёння прыйшлі з дзіцячага садка №96 загадчыца, выхавальнік і псіхолаг. Праверылі дзіцячы пакой, шафы і халадзільнік. Потым мы выйшлі ў калідор, бо ў мяне дома ў ванным пакоі рамонт, і яны спыталі ў мяне, чаму мой муж пайшоў на пікет, магчыма, ён грошай хацеў там зарабіць, чаму я давала інтэрв'ю Hrodna.life і ці давала я яго наогул. Таксама спыталі пра бацькоў мужа».

Віталія кажа, што пасля гэтага ёй зачыталі дакумент, у якім было напісана, што падчас ператрусу пасля затрымання мужа ў кватэры быў беспарадак, валяліся бычкі і бутэлькі з-пад спіртнога.

Па словах Віталіі, у дакуменце была інфармацыя аб тым, што яна нібыта паліць пры дзіцяці. Яна гэта адмаўляе.

«Я сказала, што ў нас у сям'і не паляць і не п’юць. А яны мне ў адказ: вы разумееце, што ў вас забяруць дзіця? Маўляў, будзем разбірацца, збіраць дакументы і характарыстыку з месцаў працы».

Віталія кажа, што яны — самая звычайная сям’я, жывуць нармальна, у сацыяльна небяспечным становішчы не знаходзяцца. Дзіця ходзіць у сад, плацяць за яго спраўна.

Віталія кажа, што муж заўсёды займаўся дачкой, пастаянна вадзіў яе на трэніроўкі па гімнастыцы. Муж і жонка выконвалі ўсе абавязкі, якія павінны выконваць бацькі.

«Я вельмі баюся, што ў мяне забяруць дзіця. Я не ведаю, чаму яны так робяць. Лічу, яны аказваюць на мяне ціск. Думаю, гэта ўсё звязана з затрыманнем мужа».

Праходзіць сацыяльнае расследаванне

Загадчыца дзіцячага сада №96 Святлана Янчанюк распавяла Hrodna.life, што яны не аказвалі ціску на Віталію Навумік. Проста прыйшлі да яе пагаварыць і праверыць умовы пражывання.

«Мы атрымалі паперу і на падставе яе прыйшлі азнаёміцца. Мы цяпер праводзім сацыяльнае расследаванне, якое доўжыцца 15 дзён. Ніякага ціску на маму не ажыццяўляецца. Усё праходзіць у рамках закона і нічога не парушаецца.

Мы прыехалі паглядзець умовы пражывання і ўтрымання дзіцяці ў рамках дэкрэта прэзідэнта №18 ад 24 лістапада 2006 г. («Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях» — рэд.). Усё робіцца паводле дакументаў. Дзіця ў іх актыўнае, дзяўчынка вясёлая ў садзе, заўсёды ахайная. Ніякіх фактараў, што спрыяюць адабранню дзіцяці, у іх у сям'і няма», — распавяла загадчыца.

Згодна з дэкрэтам №18 забраць дзіця з сям'і на дзяржзабеспячэнне можна, калі ўстаноўлена, што бацькі вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзяцей, з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі ці наркаманамі альбо іншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, у сувязі з чым дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?