Урад працуе над чарговымі пакетамі падтрымкі эканомікі і сацсферы. Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Дзмітрый Круты ў эфіры канала АНТ. Сярод мер падтрымкі, якія тычацца сацсферы, — павелічэнне памеру дапамогі па беспрацоўі тым, хто страціць працу ў другім квартале гэтага года, а таксама дадатковая дапамога сем'ям з дзецьмі, паведамляе Tut.by.

Дзмітрый Круты адзначыў, што рынак працы чакаюць няпростыя часы. У гэтай сітуацыі ўрад мае намер падтрымаць тых, хто страціць працу.

Для тых, хто апынецца беспрацоўным у другім квартале гэтага года, плануюць павялічыць памер дапамогі па беспрацоўі — да бюджэту пражытковага мінімуму (з 1 мая гэты паказчык вырасце амаль да 247 рублёў). Цяпер максімальны памер дапамогі па беспрацоўі складае 54 рубля, а сярэдні — менш за 30 рублёў.

Прапанова па павышэнні дапамогі па беспрацоўі, па словах Дзмітрыя Крутога, ужо накіравалі на разгляд прэзідэнта. Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі адзначыў, што падняць памер гэтых выплат вырашылі, каб стымуляваць беспрацоўных рэгістравацца ў службе занятасці.

Нагадаем, пры адмове ад дзвюх прапаноў ад пасуючай працы здымаюць з уліку па беспрацоўі і перастаюць, адпаведна, выплачваць дапамогу. Гэта ж правіла будзе тычыцца і павышанай дапамогі.

Сярод іншых мер па сацыяльнай падтрымцы — матэрыяльная дапамога людзям, у якіх нізкія даходы і якія атрымліваюць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу. У першую чаргу — сем'ям з дзецьмі.

«Даплата на кожнага члена сям'і будзе павялічана да бюджэту пражытачнага мінімуму», — паведаміў Круты. Паводле яго слоў, выплаты павялічацца прыкладна на 50-55 рублёў на аднаго чалавека. Сумарна на гэты сацыяльны блок маюць намер накіраваць каля 300 мільёнаў рублёў.

Урад таксама прапануе падтрымаць работнікаў тых прадпрыемстваў, якія вымушана знаходзяцца ў прастоі, а таксама тых, каго наймальнікі перавялі на няпоўную занятасць. Гэтым работнікам даплацяць да мінімальнай зарплаты, якая зараз складае 375 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0