На архітэктурна-горадабудаўнічай радзе ў Мінгарвыканкаме ўхвалілі папярэдняе праектнае рашэнне па гандлёва-забаўляльным комплексе на месцы былога Чэрвеньскага рынку ў сталіцы, піша tut.by.
У 2019 годзе асноўным уладальнікам кампаніі-забудоўшчыка тэрыторыі былога Чэрвеньскага — ТАА «Сільвер Капітал» — стала структура групы кампаній РАПА, якая кіруе гіпермаркетамі Green. Дырэктарам «Сільвер Капіталу» стаў сузаснавальнік РАПА Анатоль Кім.
Пры аптымістычным раскладзе ў снежні праект ГЗЦ паступіць у экспертызу, а пакуль папярэдняе праектнае рашэнне было разгледжана на архітэктурна-горадабудаўнічай радзе. Вось як яно выглядае:
Фота: Станіслаў Шаршукоў, TUT.BY.
Праект прадугледжвае будаўніцтва ГЗЦ з паркінгам агульнай плошчай каля 60 тысяч квадратных метраў.
Фота: Станіслаў Шаршукоў, TUT.BY.
У цокальным паверсе ГЗЦ будзе гіпермаркет (мяркуючы па ўсім Green), на першым паверсе — гандаль, на другім і трэцім — спартыўна-аздараўленчыя і забаўляльныя ўстановы. Гандлёвая плошча — 19,5 тысячы квадратных метраў, паркінг — 15,5 тысячы, забаўляльныя ўстановы — 7 тысяч, спартыўна-аздараўленчыя — 6 тысяч.
Фота: Станіслаў Шаршукоў, TUT.BY.
Глухія фасады будуць стылізаваныя з ужываннем гарызантальных гнутых перфараваных ламеляў, а ў цэнтральнай частцы будзе створаны партал з архітэктурнага шкла рознай ступені матавання.
Фота: Станіслаў Шаршукоў, TUT.BY.
Члены горадабудаўнічай рады ўхвалілі прапанаваную візуалізацыю. Пры гэтым яны сказалі дапрацаваць некаторыя моманты.
Па-першае, прапрацаваць пытанне ўладкавання параднай прасторы галоўнага ўваходу за кошт добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі. Па-другое, выключыць падсвятленне фасада будынка з боку жылога дома. Па-трэцяе, дапрацаваць архітэктурнае рашэнне фасада з улікам фарміравання транспартнага вузла ў цэнтры горада.
Пры добрым раскладзе вясной забудоўшчык выйдзе на пляцоўку. Для будаўніцтва такога аб'екта трэба яшчэ два-тры гады.
Пабудаваць на месцы Чэрвеньскага рынку на Маякоўскага шматфункцыянальны комплекс першапачаткова збіралася іранская кампанія «Дзідас». Прадпрымальнікаў з пляцоўкі выселілі ў 2013 годзе, але нават праз некалькі гадоў інвестар не прыступіў да будаўніцтва. Таму горад забраў у іранцаў гэты ўчастак і выставіў на таргі.
На аўкцыёне ў 2016 годзе права забудаваць зямлю выйграла кампанія «Сільвер Капітал», дырэктарам і сузаснавальнікам якой з'яўляўся сузаснавальнік Galleria Minsk Магамед Магамедаў. Інвестар вырашыў стварыць тут гандлёвы цэнтр, але падчас праектавання аб'екта ён сутыкнуўся з шэрагам праблем, аднак у пачатку 2019 года ліквідаваў іх. Пасля гэтага асноўная доля ў кампаніі была прададзеная структуры групы кампаній РАПА.