Адпаведная пастанова была прынятая на Палітрадзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая адбылася 1 снежня ў Мінску, піша «Радыё Свабода».
Разглядаючы пытанне аб «адпаведнасці заканадаўчай ініцыятывы Ганны Канапацкай Статуту і праграме партыі» палітрада прыняла рашэнне:
«З прычыны неаднаразовых парушэнняў Ганнай Канапацкай Статуту АГП (п. 3.4 і п.9), страты даверу партыі да Ганны Канапацкай і страты Ганнай Канапацкай сувязі з партыяй, Палітрада АГП вырашыла выключыць Канапацкую з АГП».
Сёлета ў верасні дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прыпыніла сяброўства ў АГП з прычыны таго, што партыя адмовілася ад супрацоўніцтва з ёю напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.
На з'ездзе АГП 29 верасня сёлета ў якасці аргументаў супраць яе вылучэння прагучала тое, што Канапацкая падчас працы дэпутатам у Палаце прадстаўнікоў не падымала з парламенцкай трыбуны пытанне фальсіфікацыі выбараў і правакавала сваімі заявамі канфлікты ўнутры партыі.
Сёлета 27 лістапада Канапацкая апублікавала законапраект аб гарантыях былому прэзідэнту Беларусі і яго сямʼі. Паводле законапраекту, былога прэзідэнта нельга будзе асудзіць за злачынствы і правапарушэнні, учыненыя ў час прэзідэнцтва. Ён атрымае пажыццёвую пенсію і зможа карыстацца адной з рэзідэнцый.
Гэты крок дэпутаткі выклікаў у беларускай медыяпрасторы розгалас і палітычныя дыскусіі.