Падсудныя скардзіліся на ціск з боку КДБ і СК. Але пракурорская праверка гэтага не пацвердзіла, піша Радыё Свабода.

14 лістапада ў Баранавічах аднавіўся судовы працэс па справе аб крадзяжы зброі і гандлі ёю. На папярэднім паседжаньні судзьдзя пастанавіла прыпыніць разгляд справы праз тое, што шэраг абвінавачаных заявілі пра зьбіцьцё і псыхалягічны ціск з боку супрацоўнікаў КДБ, контравыведкі, Сьледчага камітэту, а таксама вайсковай часткі 29969, адкуль, паводле сьледзтва, выкрадалі зброю. У выніку пракуратура пастанавіла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы паводле заяваў абвінавачаных адмовіць, бо агучаныя імі факты фізычнага і псыхалягічнага ціску не знайшлі пацьверджаньня. Амаль адразу пасьля гэтага судзьдзя Літвінчык абвясьціла пра завяршэньне судовага разбору і пераход да спрэчак бакоў.

Толькі пералік даказаных, на думку дзяржаўнага абвінавачваньня, злачынстваў абвінавачаных заняў у пракурораў больш за 2,5 гадзіны. Яны лічаць віну ўсіх дзесяці абвінавачаных даказанай і адзначылі, што шэраг зь іх актыўна супрацоўнічалі са сьледзтвам, расказвалі пра акалічнасьці ўчыненьня злачынстваў, называлі імёны іншых удзельнікаў, паказвалі месцы захоўваньня скрадзенай зброі.

У выніку дзяржаўны абвінаваўца пасьпеў абвясьціць, што просіць пакараць асноўнага фігуранта справы, прапаршчыка Дзьмітрыя Кульжыка, 11 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 60 базавых велічынь, а таксама пазбаўленьнем вайсковага званьня.

Менавіта Дзьмітры Кульжык, паводле матэрыялаў сьледзтва, быў ключавой асобай у злачыннай схеме выкраданьня і продажу зброі. Ён ня толькі быў загадчыкам складу, адкуль краў пісталеты Макарава і аўтаматы Калашнікава, а таксама боепрыпасы да іх, але і асабіста выносіў і вывозіў скрадзенае за межы вайсковай часткі.

З абвяшчэньнем магчымага пакараньня для іншых абвінавачаных у пракурораў узьніклі тэхнічныя складанасьці. На працэсе абвешчаны чарговы перапынак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?