У Віцебскім абласным судзе 28 кастрычніка завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксея В., якога абвінавачвалі ў распальванні расавай варожасці і знеслаўленні помнікаў абаронцам Айчыны на плошчы Перамогі ў Віцебску. Суддзя Андрэй Прэйс палічыў віну падсуднага даказанай, паведамляе Віцебская вясна.

Крымінальная справа супраць 34-гадовага жыхара Віцебску была распачатая па ч.1 арт. 130 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай варожасьці) і ч.2 арт.346 (зьнеслаўленне помнікаў абаронцам Айчыны). Падставай паслужылі фота- і відэаматэрыялы, разьмешчаныя на асабістай старонцы мужчыны ў сацсетцы «ЎКантакце» яшчэ ў 2011-2012 гадах.

На адным з фота малады чалавек ускідвае руку ў нацысцкім вітаньні на фоне падземнага пераходу да плошчы Перамогі.

У апошнім слове на судзе віцяблянін звярнуў увагу суддзі, што відэа, якое было размешчанае на яго асабістай старонцы, ён выпадкова знайшоў у інтэрнэце. Яно знаходзілася ў вольным доступе, і любы ахвотны мог яго ўзяць на сваю старонку.

«Я думаў: калі відэа знаходзіцца ў вольным доступе і я яго вазьму на старонку, дык гэтым самым не ўчыню ніякіх супрацьпраўных дзеянняў», — казаў абвінавачаны.

Прызнаўся, што скапіяваў той ролік, нават не паглядзеўшы, што ў ім утрымліваецца. Што да фотаздымку ў падземным пераходзе, дык заявіў, што ягоны жэст ні пра што не сьведчыць, бо нічога кепскага ў той жэст не ўкладаў і нікога абразіць не хацеў.

Аляксей. В заявіў, што не прызнае сябе вінаватым, але ўсведамляе, што раз ужо заведзеная справа і ідзе судовы працэс, дык вынесуць і прысуд. Таму папрасіў суддзю прызначыць яму пакаранне ў выглядзе альбо штрафу, альбо ўмоўнага тэрміну, але каб не пазбаўлялі волі і не абмяжоўвалі яе, бо «гэта можа зламаць увесь далейшы лёс» — страціць працу і ўжо не зробіць кар’еры.

Тым ня менш, суддзя Андрэй Прэйс прысудзіў мужчыну да 1 года абмежавання волі за здзек з помнікаў абаронцам Айчыны і 2,5 гады за распальванне расавай варожасці. Па сукупнасці прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады і 1 месяц.

Прысуд не набыў законную сілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0