Пра выпадак піша прэс-служба МУС у сваім тэлеграм-канале.
У Гомелі 17 кастрычніка каля гадзіны ночы ў адным з гіпермаркетаў спрацавала трывожная кнопка. Адразу ж да гандлёвага аб'екта прыбыў нарад дэпартамента аховы.
Убачыўшы, што міліцыянты накіраваліся ў гіпермаркет, кампанія маладых людзей, што адпачывалі побач, падышла да службовага аўтамабіля. Двое з іх сталі пазіраваць, а трэці выступіў у ролі фатографа.
Спачатку «фотамадэлі» прытуліліся да аўто, затым залезлі на капот. Але і гэтага аднаму з іх здалося мала. Фотасесію на фоне пробліскавых маячкоў ён завяршыў, забраўшыся на дах машыны
Пасля гэтага маладыя людзі селі ў іншую машыну і з'ехалі.
Нягледзячы на позні час, хуліганская выхадка не засталася незаўважанай: відавочца паведаміў пра інцыдэнт міліцыянтам. Яны далажылі аб здарэнні аператыўнаму дзяжурнаму. Той у сваю чаргу выклікаў следча-аператыўную групу. Эксперт сапраўды выявіў увагнутасці на даху і капоце аўтамабіля, драпіны, а таксама сляды абутку невядомых.
Інфармацыю аб аўтамабілі і прыкметы перадалі ў міліцэйскі эфір. Неўзабаве машына была затрыманая ў раёне чыгуначнага вакзала. Да гэтага часу адзін з хлопцаў паспеў ужо размясціць фота ў інстаграме.
Абодва 23-гадовыя раней неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за дробнае хуліганства
У дачыненні да іх распачата крымінальная справа па ч.2 арт.339 КК Беларусі (хуліганства, здзейсненае групай асоб). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў.