Аляксандр Канюк, фота Сяргея Гудзіліна

Аляксандр Канюк, фота Сяргея Гудзіліна

Шэрагу фігурантаў «справы медыкаў» змянілі меру стрымання на больш мяккую, распавёў генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, піша Tut.by.

Сёння ў Мінску праходзіць пасяджэнне рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй пад старшынствам генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. У працы бяруць удзел намеснік Дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Рэспублікі Беларусь Андрэй Уцюрын, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч, кіраўнікі міністэрстваў, іншых камітэтаў і дзяржаўных органаў. На пасяджэнне таксама запрошаныя кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава і старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.

TUT.BY папрасіў генпракурора раскрыць падрабязнасці расследавання гучнай «справы медыкаў і адказаць на пытанне, ці праўда, што многім фігурантам была змененая мера стрымання.

— Як суддзя і ўжо як пракурор ведаю, што існуюць пэўныя рэчы: пакуль не будзе вынесены прысуд, інфармацыю трэба старацца даваць больш карэктна, бо гэта людзі. Не выключаны апраўдальны прысуд у дачыненні да кагосьці, а мы ўжо дамо інфармацыю. Гэта вельмі непрыемна і чалавеку, і сям'і, - пракаментаваў Аляксандр Канюк. — Тым не менш, на сёння ў суд паступіла 4 крымінальныя справы ў дачыненні да пяці фігурантаў, у тым ліку намесніка міністра аховы здароўя. Так, сапраўды, шэрагу асоб мы змянілі меру стрымання з утрымання пад вартай на больш мяккую, але яшчэ вялікая колькасць людзей застаецца (пад вартай).

Паводле яго слоў, гэта «розныя меры стрымання», у тым ліку хатні арышт. Генеральны пракурор паабяцаў даць канкрэтныя лічбы па абвінавачаным «справы медыкаў» пазней.

Нагадаем, 25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў аб тым, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя Беларусі. Як паведаміў 11 верасня на нарадзе аб праблемных пытаннях у сістэме аховы здароўя беларускі кіраўнік, распачата 95 крымінальных спраў, амаль 100 чалавек трапілі пад следства. Па справе былі затрыманыя некалькі галоўных дактароў бальніц, прадстаўнікі буйнога бізнэсу, высокія чыноўнікі.

У сярэдзіне жніўня некалькім затрыманым змянілі меру стрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?