Набірае абароты працэс пераафармленьня дамоваў субарэнды на прамыя дамовы. Плянуецца, што ў сталіцы да новага году практычна не застанецца тых, хто карыстаецца камунальнай уласнасьцю праз пасярэдніка.

«Да канца году асноўная маса дамоваў павінна быць перааформленая», — паведаміў начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва Камітэту Мінгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі.

З 24.04.2008 г. уведзеная забарона на прадстаўленьне ў субарэнду грамадзкіх і пераабсталяваных вытворчых будынкаў, збудаваньняў і памяшканьняў, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці, а таксама ва ўласнасьці гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутных фондах) якіх належаць Рэспубліцы Беларусь. Такое рашэньне замацавана пратаколам паседжаньня Рэспубліканскай камісіі па ўпарадкаваньні выкарыстаньня адміністрацыйных будынкаў, збудаваньняў, вытворчых плошчаў і іншых аб’етаў дзяржаўнай уласнасьці ад 25-26.03.2008 № 39.

Паміж тым пад абмежаваньне патрапіла вялікая колькасьць суб’ектаў гаспадараньня, толькі ў сталіцы было каля 700 субарэндатараў. Большасьць зь іх — малыя прадпрыемствы альбо індывідуальныя прадпрымальнікі, што арандуюць плошчы для арганізацыі гандлю альбо аказаньня паслугаў на аб’ектах камунальнай уласнасьці.

У жніўні рост незадавальненьня бізнэсмэнаў крыху разрадзілі: з-пад забароны на субарэнду было выведзенае разьмяшчэньне банкаматаў, інфакіёскаў, пунктаў абмену валюты, а таксама кропак продажу электронных інтэрактыўных гульняў, арганізаваных ЗАТ «Спорт-пары» (зацьв. пратаколам паседжаньня камісіі ад 19.08.2008 № 45).

Раней эканамісты Мінгарвыканкаму таксама спрабавалі давесьці эканамічную мэтазгоднасьць субарэндных адносінаў, аднак забарона, за невялікім выняткам, засталася. На думку рэспубліканскай камісіі, толькі прамыя дамовы могуць забясьпечыць эфэктыўнае выкарыстаньне дзяржуласнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?