Алан Сміт — грамадзянін Вялікабрытаніі, які нарадзіўся ў Курдыстане. Два гады таму яго затрымалі ў Беларусі па падазрэнні ў арганізацыі нелегальнай міграцыі замежных грамадзян. Па версіі следства, Сміт і яшчэ трое беларусаў спрабавалі незаконна пераправіць у Еўрасаюз грамадзян Ірака. Брытанец віну не прызнаў, а суд прысудзіў яго да 2 гадоў пазбаўлення волі.

Раней Алан ніколі судзімы не быў. Ён валодае дзелавым цэнтрам у Варшаве і фірмай у Лондане, якая займаецца нафтай і газам. Паводле яго слоў, у Беларусь ён прыехаў першы раз для закупкі сельгасабсталявання па просьбе бізнэсменаў з Курдыстана. Таксама ён дапамагаў суайчынніцы з інваліднасцю знайсці ў Беларусі бальніцу.

Пакаранне Алан адбываў у папраўчай калоніі № 3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам.

29 верасня Сміт выйшаў на свабоду і паляцеў у Лондан, дзе яго чакала жонка і 6-гадовая дачка. Але пра Беларусь брытанец не забывае. Ён наведаў матч «Чэлсі» — БАТЭ на «Стэмфард Брыдж» і заўзеў за беларусаў з бел-чырвона-белым сцягам.

Сцяг яму даслалі з Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?