Wikimedia Commons
Дзейны губернатар штата Нью-Ёрк Эндру Куома з вялікай перавагай апярэдзіў актрысу Сінцію Ніксан, якая грала Міранду Хобс у папулярным серыяле «Сэкс у вялікім горадзе», у барацьбе за вылучэнне ад Дэмакратычнай партыі на пасаду кіраўніка штата.
Куома ідзе на трэці тэрмін, атрымаўшы папярэдні вынік у 66% галасоў у рамках праймерыз Дэмакратычнай партыі.
Напярэдадні Куома лідзіраваў у большасці апытанняў — яго ўзровень падтрымкі складаў больш за 60%, у той час як толькі 30% дэмакратаў гатовыя былі аддаць свае галасы за Ніксан.
Актрыса рабіла акцэнт на іміграцыі, ахове здароўя і яго кошце, сістэме грамадскага транспарту і жыллёвых пытаннях. Куома факусаваўся на сваіх ранейшых дасягненнях — ён зрабіў больш жорсткім заканадаўства, якое тычыцца нашэння зброі, забараніў бурэнне новых свідравін для здабычы прыроднага газу, падняў мінімальны заробак і стаў адным з самых вядомых крытыкаў палітыкі іншага нью-ёркца — прэзідэнта Дональда Трампа — у галіне іміграцыі.
Куома выдаткаваў на выбарчую кампанію нашмат больш за Ніксан — як мінімум 25 мільёнаў даляраў.