24 кастрычніка першы намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Томаш Пояр наведае Беларуь з афіцыйным візітам, паведамляе чэшскае інфармагенцтва CTK.

Плануецца, што першы намеснік міністра Чэхіі абмяркуе з беларускімі калегамі двухбаковыя пагадненні, а таксама ўзаемадзеянне краін падчас старшынства Чэхіі ў Еўрасаюзе ў першым паўгоддзі 2009 года. Парадак дня ўдакладняецца.

МЗС Беларусі пакуль не каментуе візіт.

Як БелаПАН паведамляў раней, 13 кастрычніка ў Люксембургу ў перамовах міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ўзяў удзел таксама яго чэшскі калега.

Афіцыйныя двухбаковыя кантакты паміж краінамі не ажыццяўляюцца ўжо шэсць гадоў. Прэм’ер‑міністр Чэхіі Мілаш Земан быў апошнім чэшскім палітыкам, які наведаў Мінск у 2002 годзе.

Дыпмісіі ў дзвюх краінах узначальваюццца часовымі паверанымі.

У 2002 годзе Чэхія адмовіла ў візе прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, калі той збіраўся ўзяць удзел у саміце НАТО ў Празе.
У 2006 годзе беларускія ўлады не выдалі візу тагачаснаму чэшскаму сенатару, а цяпер міністру замежных спраў Карэлу Шварцэнбергу.

На мінулым тыдні чэшскую сталіцу з візітам наведаў апазіцыйны палітык, лідэр стваранага руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Марына Рахлей, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0