З 13 па 18 кастрычніка ў сталічным відэакомплексе «Цэнтр‑відэа» пройдзе рэтраспектыўны паказ фільмаў Федэрыка Феліні.

Як паведамілі ў «Цэнтр‑відэа», паказ адкрыецца драмай «Рэпетыцыя аркестра» (1979). Фільм распавядае аб канфлікце дырыжора і сімфанічнага аркестра падчас рэпетыцыі, якая ператварылася ў «звярынае шаленства». Карціна будзе дэманстравацца 13 і 14 кастрычніка.

15—16 кастрычніка адбудзецца паказ драмы «І карабель плыве…» (1983), удастоенай прыза «Давіда і Данатэла» за лепшы фільм, а таксама ўзнагароды Італьянскага нацыянальнага сіндыката кінажурналістаў за рэжысуру, аператарскую працу, дызайн касцюмаў, за агульны дызайн фільма і спецэфекты. Дзеянне карціны разгортваецца ў ліпені 1914 года на караблі «Глорыя Н.» з дзіўнымі пасажырамі на борце, якія суправаджаюць прах опернай дзівы Эдме Тэтуа. Па шляху на востраў, дзе нарадзілася спявачка, карабель падабраў сербаў‑бежанцаў, якія пацярпелі караблекрушэнне. Сустрэты ў моры аўстра‑венгерскі браняносец запатрабаваў выдачы сербаў, і паміж караблямі завязалася бітва…

17—18 кастрычніка будзе паказана рамантычная камедыя «Джынджэр і Фрэд» (1985), удастоеная Гран‑пры Маскоўскага міжнароднага фестывалю і прыза «Сярэбраная стужка» Італьянскага нацыянальнага сіндыката кінажурналістаў. У цэнтры фільма — сустрэча ўдзельнікаў славутага ў свой час танцавальнага італьянскага дуэта праз шмат гадоў пасля таго, як прайшла іх папулярнасць. Былыя зоркі ўспамінаюць маладосць, пераасэнсоўваюць мінулае, размаўляюць адзін з адным з дапамогай танца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?