Пару тыдняў таму патэлефанаваў мне сваяк з Масквы. — Ну, як там у вас на рынках, у Беларусі? — А што на рынках? Усё ў парадку. Праўда, цэны кусаюцца. Бульба паўдаляра за кіляграм… — Ды не, — кажа сваяк -- я не пра сэзонныя рынкі, а пра фондавыя, што гандлююць каштоўнымі паперамі. Дык як там у вас каціроўкі: ідуць уніз, ці ўверх? Піша Віталь Тарас.

Сорамна было прызнацца, што фондавых біржаў у Беларусі няма — прынамсі, наколькі мне вядома. А пра індэксы каштоўных папераў рэгулярна даводзіцца чуць хіба што ў рэкляме страхоўкі: «індэкс Доў Джонса зноў упаў – ніякіх нэрваў не хапае…»

Як наесьціся за 5 фунтаў

У пярэдадзень выбараў давялося правесьці некалькі дзён на лецішчы. І пры гэтым, як заўсёды, харчавацца пераважна бульбай. У розных выглядах. Адзінае, чаго не хапала для поўнага шчасьця, дык гэта тэлевізара. Увечары дапамагаў бавіць час кароткахвалевы прымач. Заходнія радыёгаласы асаблівай разнастайнасьцю тэмаў ня радавалі. У асноўным размова вялася пра сусьветны фінансавы крызіс і крыху пра выбары – у ЗША. Пра выбары ў Беларусі можна было даведацца па «Свабодзе» і крыху зь перадачаў Бі‑Бі‑Сі. Але найбольш уразіла перадача брытанскай радыёкарпарацыі, прысьвечаная тэме ежы, у прыватнасьці – бульбе.

Вядоўца распавёў пра тое, што фінансавы крызіс у Англіі, канечне ж, адчуваецца. Брытанцы нічога добрага ў блізкай пэрспэктыве не чакаюць. (Праўда, адна жанчына‑эканамістка ў перадачы аптымістычна заявіла: цяпер акурат той час, калі трэба распачынаць бізнэс. Праўда, крэдыт узяць будзе цяжэй, але ж канкурэнцыі на рынку паменела. Трэба ўсяго толькі мець стартавы капітал.)

А тым часам працягвае давацца ў знакі сусьветны харчовы крызіс. І ў сувязі з гэтым у кнігарнях Лёндану вельмі добра прадаецца апошнім часам кухарская кніжка «Як прыгатаваць сьнеданьне за 5 фунтаў». Запомніў нават рэцэпт з тае кнігі, прачытаны брытанскім радыёжурналістам.

Трэба купіць у супэрмаркеце пачак самай таннай макароны, каб пры гатаваньні яна разварылася на ўвесь гарнец. Потым дадаць да яе фарш з індычкі. Калі ў доме ёсьць алей, добра яго спачатку падсмажыць. Калі не – можна проста згатаваць. Відаць, макарону па‑флёцку вынайшлі некалі ў старой добрай Англіі.

Успамінаецца папулярны за савецкім часам рэцэпт з кулінарнай кнігі, нібыта выдадзенай у царскай Расеі. Калі да вас нечакана прыехалі госьці, а ў вас дома няма прадуктаў, не губляйцеся – адпраўце пакаёўку ў сутарэньне па халодную гатаваную цяляціну. Падайце яе (цяляціну) на стол з хрэнам, тонка нарэзанай. Госьці будуць задаволеныя.

Усё задавальненьне з макароны й фаршу ў Брытаніі будзе каштаваць ня больш за 5 фунтаў. Перш чым перавесьці гэтую суму на беларускія рублі, дарэчы будзе згадаць яшчэ адзін стары анэкдот: адзін фунт стэрлінгаў роўны аднаму фунту савецкіх рублёў. Беларускіх рублёў спатрэбіцца значна менш – недзе каля 20 тысяч. Але, падумалася мне, гэтых грошай хопіць, каб купіць пару боханаў хлеба, пачак масла, пакет малака, пакет сьмятаны, кілё каўбасы ды яшчэ застанецца «на выпіць». Альбо можна купіць, як мінімум, дваццаць кілё бульбы і есьці яе тры тыдні з скваркамі. А сала ж, пэўна, знойдзецца ў заначцы.

Дранікі vs бліны з палтусам

Пра дваццаць кілё бульбы на тры тыдні – гэта не перабольшаньне. Гэта статыстыка. Паводле яе (калі верыць Бі‑Бі‑Сі) сярэднестатыстычны беларус зьядае за год 340 (!) кіляграмаў бульбы. Гэта першы паказчык у сьвеце. Для параўнаньня – сярэднестатыстычны француз спажывае за год няшчасныя 33 кіляграмы крухмалістых клубняў.

Нейкая кабета – ці то дыетоляг, ці то культуроляг зь Беларусі ў інтэрвію згаданай радыёперадачы абуралася: няма нічога больш несумяшчальнага й шкоднага для арганізму як засквараная бульба. Бульбу ў смажаным і гатаваным выглядзе, а таксама дранікі, калдуны й клёцкі як пачалі есьці беларусы гадоў дзьвесьце таму, так і ядуць дагэтуль, асабліва не ламаючы галаву над новымі рэцэптамі. І яшчэ ганарацца сваёй кухняй, хоць ва ўсім сьвеце бульба лічыцца ў гастранамічным пляне абсалютна нецікавай стравай з шэрым, невыразным смакам.

Між тым, каралі кулінарыі французы апошнім часам устурбаваліся тым, каб гэты прадукт зрабіць больш папулярным у сваёй краіне (харчовы крызіс, не забывайцеся!) Як вам, да прыкладу, бульбяныя бліны з палтусам і салатай рокалі? Альбо гатаваная бульба з чырвонай ікрой і соўсам з кропу?

Нам з бульбай, ясна, ніякі крызіс ня страшны. Ну, хіба бэнзін і дызэльнае паліва падаражэе – тады, мабыць, вазіць урадажай у багажніку «Мэрсэдэса» стане ня надта рэнтабэльна. Але бэнзін – гэта ўжо пытаньне да Расеі, а не да Захаду.

Дэпрэсія без самагубстваў

Масавых самагубстваў банкіраў, нягледзячы на разарэньне буйных заходніх інвэстбанкаў на Захадзе, пакуль, дзякаваць Богу, не назіраецца. Кіраўніцтва збанкрутаваных паспадзявалася на шматмільённыя прэміяльныя (так званыя «залатыя парашуты») у сувязі са звальненьнямі. Праўда, гэтым разам, відаць, не дачакаецца. Тым часам, у вядучых краінах Захаду захоўваецца рост вытворчасьці (хоць ён і запаволіўся), няма масавага беспрацоўя, не відаць, нягледзячы на крызыс на рынку нерухомасьці, натоўпаў бяздомных.

Многія параўноўваюць цяперашні крызіс зь Вялікай дэпрэсіяй, якая паставіла цягам 1929—1933 гадоў на калені эканоміку ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Францыі… Тады ў Маскве ганарыліся тым, што сацыялістычная эканоміка, у адрозьненьне ад капіталістычнай, на ўздыме і крызысаў ня ведае ў прынцыпе. Якой цаной даўся той «уздым» – пра калектывізацыю, галадамор ды Гулаг – успамінаць ня любяць.

Пра сацыялізм цяпер загаварылі нават у ЗША, апірышчы капіталізму. Міністэрства фінансаў хацела выкупіць за 700.000.000.000 даляраў непэрспэктыўныя пазыкі буйных інвэстыцыйных кампаніяў, каб банкаўская сыстэма выстаяла і банкі змаглі крэдытаваць адно аднаго.

Але асаблівасьці капіталістычнай дэмакратыі ў ЗША палягаюць у тым, што рашэньне аб гэтым прыняў не кіраўнік выканаўчай улады, не кангрэс і не Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма, а ўсе разам, пасьля доўгай і зацятай дыскусіі. Ды яшчэ з удзелам абодвух кандыдатаў на прэзыдэнты ад дэмакратаў і рэспубліканцаў. Дык вось, Кангрэс не ўхваліў прапановы ўраду.

І тым ня менш, шмат каму з заходніх эканамістаў не падабаецца сама ідэя ўмяшаньня дзяржавы ў эканоміку. Бо выходзіць, што калі ты пасьпяхова гуляеш на біржы, усе бонусы твае, а калі ты церпіш крушэньне – таксама нічога страшнага, усё адно дзяржава ўратуе…

Тым, хто забыўся, чым ёсьць насамрэч дзяржаўнае рэгуляваньне, варта ўспомніць нядаўнюю сытуацыю на біржах Расеі. Спачатку там цягам двух дзён каціроўкі самых буйных карпарацыяў падаюць на 15—20%. «Газпром», напрыклад, губляе 20 мільярдаў даляраў (супастаўце з стабілізацыйным крэдытам РФ для Беларусі памерам 2 мільярды). Але Цэнтрабанк укідвае трыльён расейскіх рублёў на рынак, і ўжо празь дзень той самы «Газпром», а таксама «Роснефть», «Нарыльскі нікель» і многія іншыя гульцы, набліжаныя да Крамля, вяртаюць сабе страчанае. У выніку працу біржаў даводзіцца часова спыняць, каб уратаваць рынак акцыяў ад «перанаграваньня».

Беларусі, вядома, нічога падобнага ў блізкім часе не пагражае. Калі нават уявіць, што ў РБ зьявіцца фондавая біржа, наўрад ці яна будзе рэагаваць на замежнапалітычныя фактары. А беларускі рубель адносна заходніх валютаў толькі мацнее. Праўда, Пуцін намякнуў, што насьпеў час РБ разьлічвацца за расейскі газ расейскімі рублямі… Пры гэтым не ўдакладніў, па якім курсе.

Але ж тое калі будзе. І ці будзе ўвогуле? Пакуль будзем есьці бульбу з салам. Няздорава, затое сытна й смачна. Нават бяз ікры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?