Літоўскі Цэнтр ацэнкі якасці навучання негатыўна расцэньвае дзейнасць Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Такая ацэнка можа служыць падставай для адклікання ліцэнзіі на правядзенне навучання і звязанай з гэтым дзейнасці, паведаміў у пятніцу Цэнтр.

Гэта рашэнне ЕГУ можа на працягу 14 дзён абскардзіць сфарміраванай міністрам адукацыі і навукі камісіі, а ў 30-дзённы тэрмін — абскардзіць у судзе.

У 2014 г. ЕГУ таксама быў ацэнены негатыўна, у сувязі з чым ліцэнзія была падоўжана толькі на тры гады. У новай справаздачы негатыўную ацэнку атрымалі стратэгічнае кіраванне ЕГУ, яго навуковая і (або) мастацкая дзейнасць.

На мінулым тыдні Цэнтр заявіў аб паўторнай негатыўнай ацэнцы Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі. Кіраўніцтва рады ЕГУ не згоднае з высновамі аб адмоўнай інстытуцыйнай ацэнцы ўніверсітэта.

На думку ЕГУ, рэформы, ажыццёўленыя ва ўніверсітэце ў 2015-2017 гадах, забяспечылі істотнае развіццё стратэгічнага кіравання, навучальнай і навуковай дзейнасці, што было прызнана донарамі падчас донарскай канферэнцыі ў лістападзе 2017 года.

У апублікаванай на сайце афіцыйнай заяве ўніверсітэта гаворыцца, што будучы адзіным у свеце ўніверсітэтам у выгнанні, ЕГУ зведаў значныя рэформы стратэгічнага кіравання, а таксама укараніў новы Стратэгічны план на 2016-2021 гады.

Стратэгічны план быў распрацаваны ў цесным узаемадзеянні са Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) і на падставе рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі, прадстаўленых у рамках інстытуцыйнай ацэнкі універсітэта ў лютым 2015 года. Кіраўніцтва ЕГУ шкадуе, што ў сваёй справаздачы Цэнтр не ўлічыў палітычную важнасць універсітэта для Беларусі.

На думку кіраўніцтва ЕГУ, Цэнтр ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі таксама не прыняў да ўвагі афіцыйны адказ універсітэта, прадстаўлены 14 снежня 2017 года ў дачыненні да папярэдняй справаздачы Цэнтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?