Паліцыя італьянскага вострава Сіцылія арыштавала санітара хуткай дапамогі, якога падазраюць у некалькіх забойствах: па дадзеных паліцыі ён забіваў пацыентаў па замове мясцовай пахавальнай канторы, якая мае сувязі з мафіяй, піша Бі-бі-сі.

Па версіі абвінавачвання, арыштаваны — 42-гадовы мужчына — забіў прынамсі трох невылечна хворых пацыентаў, увёўшы ім нутравенна звычайнае паветра.

Паведамляецца, што за кожнага забітага супрацоўнік «хуткай» атрымліваў па 300 еўра.

Італьянскія СМІ ўжо празвалі брыгаду гэтай рэанімацыйнай машыны «хуткая дапамога смерці».

Абвінавачванне лічыць, што санітар «хуткай дапамогі» забіваў пацыентаў, пакуль машына везла іх з лякарні назад дадому, у мястэчку Бьянкавіла пад Катаньяй. Пасля ін'екцыі паветра хворы хутка паміраў ад закаркавання сасудаў.

Вярнуўшы сваякам цела, ён карыстаўся іх шокавым станам, каб парэкамендаваць ім адно з мясцовых бюро рытуальных паслуг, якое мае сувязі з сіцылійскай мафіяй, дзе яму плацілі камісійныя.

Па дадзеных італьянскай прэсы, арыштаваны санітар працаваў у службе «хуткай дапамогі» з 2012 года і не выключана, што на яго рахунку значна больш ахвяр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0