Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіць шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх і «Адкрыты дыялог». Туды арганізатары запрашаюць розных гасцей, якія разважаюць на зададзеную тэму.
«Наша Ніва» ўжо рабіла рэпартажы з такіх «дыялогаў».
18 снежня тэмай сустрэчы стаў «Патрыятызм як філасофія жыцця».
Адметны спіс гасцей: так, галоўным запрошаным спікерам стаў расійскі прапагандыст Аляксей Самалётаў. Яго прадстаўлялі як журналіста і рэжысёра.
У 1990-я гэты чалавек заслужыў павагу годнымі паводзінамі падчас захопу расійскай бальніцы ў Будзёнаўску — тады ён прапаноўваў абмяняць сябе на закладнікаў.
Але з пачаткам агрэсіўнай імперскай палітыкі Расіі Самалётаў стаў шараговым прапагандыстам, пайшоўшы працаваць на адыёзны вайсковы тэлеканал «Звязда».
У прыватнасці, Самалётаў рабіў сюжэты, у якіх адбельваў баевікоў, якія збілі галандскі «Боінг» над Данбасам. Насуперак яго «высновам» міжнароднае расследаванне выявіла, што насамрэч віна на прарасійскіх баевіках.
Самалётава, дарэчы, не пускаюць нават у Малдову — мінулы раз яго затрымалі ў аэрапорце Кішынёва і адправілі назад у Расію. Туды ён меўся прыляцець па запрашэнні загадкавага «міжнароднага медыяклуба Фармат А3», які ладзіць сустрэчы з такімі асобамі, як, напрыклад, Кісялёў. Гэты ж самы «Фармат А3» запрасіў Самалётава і ў Мінск, дзе ён стаў спікерам мерапрыемства БРСМ.
Ігар Бузоўскі, Вадзім Гігін, кіраўніцтва БРСМ, дэпутаты парламента вакол Самалётава
У Беларусі прадстаўніком гэтага медыяклуба значыцца супрацоўніца газеты «7 дней» і выкладчыца Інстытута журналістыкі БДУ Алена Елавік.
Алена Елавік.
Менавіта яна пазалетась была вядучай падчас сустрэчы з адным з галоўных ідэолагаў канцэпцыі «рускага свету» Мікалаем Старыкавым.
У БРСМ не здолелі патлумачыць, чыёй ідэяй было запрасіць на выступ пра патрыятызм расійскага прапагандыста.