AP

 AP

Былы кароль Румыніі Міхай I памёр у аўторак у сваёй швейцарскай рэзідэнцыі ва ўзросце 96 гадоў.

У сакавіку 2016 года ў экс-манарха было выяўлена анкалагічнае захворванне. Міхай перанёс хірургічнае ўмяшанне і пакінуў грамадскае жыццё. Захавальнікам кароны была прызначаная ягоная старэйшая дачка Маргарыта.

Міхай двойчы займаў трон Румыніі, першы раз узышоўшы на яго ў 1927 г. ва ўзросце пяці гадоў: ён атрымаў у спадчыну трон пасля свайго дзеда Фердынанда I. Аднак у 1930 г. Міхая скінуў яго бацька Караль ІІ, які пры жыцці Фердынанда адмовіўся ад трону.

Цягам дзесяці гадоў Міхай лічыўся спадчыннікам свайго бацькі, які трымаўся, дарэчы, брытанскіх пазіцый. Аднак у 1940 годзе ў Румыніі адбыўся дзяржаўны пераварот, і фактычным кіраўніком краіны стаў маршал Іон Антанеску, а Міхай хоць і заняў трон, але рэальнай улады не меў. Румынія ўступіла ў вайну на баку Нямеччыны.

Пасля разгрому нямецкіх войскаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі Савецкая армія выйшла на межы Румыніі.У гэты момант Міхай I сам зладзіў пераварот, загадаў арыштаваць Антанеску і абвясціў вайну Германіі, з гэтага моманту і да канца вайны румынскія войскі ваявалі супраць немцаў і венграў на баку СССР.

Урадам Румыніі ў гэты час кіраваў антыфашыст Петру Грозу, які сімпатызаваў камуністам, а 23-гадовы Міхай заставаўся каралём краіны, што паступова ператваралася ў сацыялістычную рэспубліку, і нават атрымаў мянушку «кароль-камсамолец». 6 ліпеня 1945 года ён быў узнагароджаны найвышэйшым савецкім ваенным ордэнам «Перамога», стаўшы адным з 17 чалавек, удастоеных гэтай узнагароды.

У 1947 году Міхай адрокся ад пасады, пазбавіўшыся трона апошнім з манархаў трох усходнееўрапейскіх дзяржаў, якія апынуліся пасля вайны ў сферы ўплыву СССР (пасля караля Югаславіі Пятра II і цара Балгарыі Сімеона II). Пасяліўшыся ў Швейцарыі, Міхай прыняў грамадзянства гэтай краіны пад імем Міхаіл фон Гогенцолерн-Зігмарынген і вярнуўся ў Румынію толькі ў 1992 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?