«Я жонка беларускага вайскоўца — лётчыка 61 авіяцыйнай базы», — так пачынаўся ліст, які атрымалі перад святамі шэраг беларускіх СМІ, у тым ліку і «Наша Ніва». «Хартыя» і «Партызан» апублікавалі яго на сайце, а мы вырашылі праверыць. Вось што гаворыцца ў лісце, напісаным вельмі правільнай расейскай мовай:

«Усё жыццё мой муж праслужыў у Баранавічах ад маладога лейтэнанта да маёра. Амаль усе гэтыя 15 гадоў, блукаючы па здымных кватэрах, мы прастаялі ў чарзе на будаўніцтва жылля. І вось, у той момант, калі перад намі замаячыла надзея на атрыманне хаця б службовага жылля, якое хутка вызваляць шчасліўчыкі, якія пабудавалі кватэры ў новенькай шматпавярхоўцы ля стадыёна, мы даведваемся, што заселяць замест нас расійскіх лётчыкаў, якія зусім хутка прыбудуць.

Нам жа са словамі «ну, 15 гадоў чакалі, што яшчэ год-другі не пачакаеце?» параілі яшчэ пацярпець. Зразумейце мяне правільна, нічога супраць расейскіх лётчыкаў і іх сем'яў у Беларусі я не маю. Але ж трэба было тады загадзя падрыхтаваць жыллё для іх, а не забіраць у сваіх жа афіцэраў.

Назбіраць на кватэру сям'і з двума дзецьмі на забеспячэнне афіцэра ПС РБ проста нерэальна. Ільготных крэдытаў на куплю жылля вайскоўцам ўжо не даюць, пенсійны ўзрост падаўжаюць. Вось і думай потым, як і Радзіму абараніць, і сям'ю пракарміць.

Ва ўпраўленні жыллёвага забеспячэння нам сказалі, што мы не адны такія — чарга застыла не толькі ў Баранавічах, але і ў Бабруйску, і ў Мачулішчах, там таксама трэба недзе размясціць сям'і расійскіх вайсковых лётчыкаў.

А тут яшчэ ў інтэрнэце з'яўляецца інфармацыя, што расейская авіяцыя застанецца ў Беларусі пасля параду (на сайце mediabrest.by). Выходзіць, што мой страх толькі пацвярджаецца.

Апошняя надзея на Вас. Лічу, што толькі асвятленне ў прэсе можа дапамагчы зрушыць гэтае пытанне з мёртвай кропкі.

Назваць прозвішча сваё не магу, бо баюся, што гэта можа паўплываць на кар'еру мужа, ды і наогул цяпер любога афіцэра могуць звольніць без выслугі, а значыць і права на пенсію, а новую працу знайсці зусім не проста».

Ліст прыйшоў нам ад адрасата, які мае паштовую скрыню ў сістэме «protonmail.com» — гэта звышабароненая (у параўнанні з нейкім, скажам, Яндэксам) сістэма, якую цяжэй узламаць або высветліць, каму насамрэч належыць скрыня.

Што ж удалося даведацца «Нашай Ніве»? 

1) Як нам стала вядома, кватэры ў згаданым доме ў Баранавічах атрымаюць толькі беларусы — не толькі афіцэры (пра лётчыкаў і казаць няма чаго, гэта эліта), але нават прапаршчыкі з тэхнічнага забеспячэння базы.

«Каб лётчык і не атрымаў кватэру за 15 гадоў? Не можа быць такога», — запэўніў нас афіцэр з баранавіцкай базы.

2) Няма ніякіх падстаў меркаваць, што Маскве ўдасца навязаць Беларусі размяшчэнне базы. Купля Беларуссю новых самалётаў Су-30-СМ, хутчэй за ўсё, ёсць кропкай у спрэчцы пра базу. 

3) Пытанні жылля расійскіх лётчыкаў, якія часам бяруць тут удзел у сумесным патруляванні граніц, вырашаюцца ў іншым парадку: яны жывуць у гасцініцы, ім здымаюць кватэры.

4) Цяжка сказаць, каму спатрэбілася ўкідваць у СМІ інфармацыю пра перадачу кватэр расійскім лётчыкам замест беларускіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?