Сталічныя школы знайшлі спосаб абысці загад аб пачатку заняткаў а 9-й гадзіне. Як стала вядома «Нашай Ніве», заняткі ў наступным навучальным годзе афіцыйна будуць пачынацца а 9-й, але ад 8.00 ці 8.15 у раскладзе будуць стаяць факультатывы.

Як вядома, праграмы і колькасць навучальных гадзін на іх вывучэнне цяпер такія, што без факультатываў нармальнае засваенне ведаў па асноўных прадметах немагчымае. Акрамя таго, сістэма аплаты працы педагогаў такая, што факультатывы неабходныя, каб заробак быў вышэйшы. Фармальна наведванне факультатываў свабоднае, але фактычна ў большасці гарадскіх устаноў адукацыі гэта звычайныя заняткі.

Як расказалі «Нашай Ніве» ў дзвюх мінскіх і дзвюх брэсцкіх школах, апытанне бацькоў паказала, што абсалютная большасць іх, ад 80 да 95% у залежнасці ад установы, катэгарычна нязгодная з пераносам пачатку заняткаў на 9.00, хоць бы з той прычыны, што працоўны дзень у бацькоў пачынаецца раней. 

Негатыўна паставіліся да новаўвядзення і апытаныя намі педагогі: на іх думку, гэта прыклад валюнтарызму некампетэнтных людзей. Варыянт з ранішнімі факультатывамі дазваляе, каб былі і ваўкі сытыя, і авечкі цэлыя.

Мінадукацыі ўжо адрапартавала, што 82% школ будуць пачынаць заняткі з 1 верасня ў 9:00, а ад 8.30 будуць працаваць толькі тыя ўстановы, дзе дзеці вучацца ў дзве змены. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?