Удзельнікі акцыі ў Маскве. Фота: Алег Якаўлеў / РБК
Спікер Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Мацвіенка заявіла, што даручыла адразу некалькім камітэтам верхняй палаты парламента прапрацаваць пытанне аб рэгуляванні ўдзелу непаўналетніх у няўзгодненых акцыях, перадае РБК.
Па выніках абмеркавання Савет Федэрацыі можа прапанаваць адпаведныя папраўкі ў заканадаўства.
Мацвіенка даручыла сенатарам «вывучыць міжнародны вопыт і разгарнуць дыскусію ў грамадстве» на гэтую тэму.
Мацвіенка адзначыла, што забарона на ўдзел непаўналетніх у мітынгах можа быць рэалізаваная праз прыцягненне да адказнасці бацькоў.
Раней Валянціна Мацвіенка заявіла ў інтэрв'ю газеце «Ізвестія», што непаўналетнія не павінны браць удзел у пратэстных акцыях, асабліва ў несанкцыянаваных.
Акрамя таго, спікер падкрэсліла, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць вельмі хутка арганізоўваць людзей, у тым ліку заклікаць дзяцей да ўдзелу ў мітынгах.
Пазней упаўнаважаная па правах чалавека Таццяна Маскалькова ўхваліла ініцыятыву Валянціны Мацвіенка. На яе думку, абмежаванні ў заканадаўстве на наведванне публічных мерапрыемстваў накіраваныя на павышэнне «ўзроўню бяспекі непаўналетніх».
***
26 сакавіка па ўсёй Расіі прайшлі антыкарупцыйныя акцыі. Афіцыйна ўлады ўзгаднілі 24 мітынгі, арганізатары заяўлялі аб правядзенні акцый пратэсту ў ста расійскіх гарадах.
Як паведамлялася са спасылкай на прадстаўніка МУС па Маскве, у ходзе пратэстнай акцыі было затрымана 92 падлеткі.