Андрусь Горват. Фота Сяргея Гудзіліна.

Андрусь Горват. Фота Сяргея Гудзіліна.

У каментах на Нашай Ніве жыве адзін чалавек. Ён штораніцу прачынаецца, робіць зарадку, намазвае масла на свежы хлеб і ўключае ноўт. Уключае ноўт, есць бутэрброд, запівае цёплым малаком і глядзіць на манітор. Чалавек чакае, калі на Нашай Ніве з'явіцца тэкст пра мяне. Ён чакае, чакае, чакае, нервова адбівае пальцамі дроб па стале. Над ім лётае надакучлівая муха.

Муха лётае, лётае, лётае.

Чалавек чакае, чакае, чакае.

Дзень чакае, два чакае, тыдзень чакае.

Нарэшце, на Нашай Ніве з'яўляецца тэкст, у якім ёсць «пісьменнік Горват». Чалавек падскоквае да столі, цалуе ў вусны надакучлівую муху, крычыць:

— Ойляля!

Чалавек шчаслівы.

Ён заплюшчвае вочы, услухоўваецца ў цішыню, услухоўваецца ў сваю ўнутраную цішыню. Нішто не перашкаджае яму слухаць сваю цішыню. Ап'янелая муха нерухома сядзіць на сцяне. Яна таксама слухае цішыню.

Потым чалавек выдыхае паветра з лёгкіх, размінае пальцы, шырока ўсміхаецца, радасна ўсміхаецца — і піша свой любімы камент: «Горват не пісьменнік, а фэйсбучны эсэіст».

Аргазм, нірвана. Усё, ён выканаў свой абавязак. Ён здзейсніў наканаванне. Ён сёння не проста чалавек — а чалавек, які нясе святло і праўду. Чалавек, які асвятляе сваім чыстым розумам усё наваколле.

І ён ведае. што наперадзе яшчэ годы — годы чакання, годы аргазму, годы.

І я чакаю. Я чакаю, чакаю, чакаю. Чакаю на Нашай Ніве тэкстаў пра сябе. Каб ведаць, што ў чалавека ўсё добра, што ён паеў, што ён шчаслівы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?