Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у пачатку свайго першага прэзідэнцкага візіту ў Ізраіль заявіў, што ў блізкаўсходніх лідараў з'явілася «рэдкая магчымасць» стабілізаваць рэгіён.

Трамп падчас візіту правядзе перамовы з прэм'ерам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху і з палесцінскім лідарам Махмудам Абасам.

«Падчас майго першага замежнага візіту ў якасці прэзідэнта я ступіў на гэтую старажытную і святую зямлю, каб умацаваць непарыўную сувязь паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і дзяржавай Ізраіль», — заявіў Трамп, спусціўшыся з прэзідэнцкага самалёта ў аэрапорце Тэль-Авіва, дзе яго сустрэў ізраільскі прэм'ер.

«Перад намі рэдкая магчымасць прынесці бяспеку і стабільнасць людзям гэтага рэгіёну, перамагчы тэрарызм і стварыць будучыню, поўную гармоніі, росквіту і шчасця. Але мы можам дасягнуць гэтага, толькі калі будзем працаваць разам. Іншага шляху няма», — заявіў амерыканскі прэзідэнт.

Біньямін Нетаньяху ў сваёй вітальнай прамове таксама выказаў надзею, што візіт Трампа стане пачаткам «шляху да прымірэння» у рэгіёне.

Візіт Трампа ў Ізраіль - частка яго першага замежнага турнэ ў якасці прэзідэнта ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?