Расейскі амбасадар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі 12 жніўня зрабіў Беларусі вымову, што не пасьпяшалася падтрымаць ўварваньне ў Грузію. Маўчаньне Менска на гэты конт дыплямат назваў «вельмі незразумелым».

Са слоў Сурыкава, у выпадку «зьяўленьня непрыемнасьцяў у Беларусі мы вашае гора заўжды падзяляем у міжнародных арганізацыях». Амбасадар расшыфраваў: маўляў, Расея заўжды выступала супраць увядзеньня эканамічных санкцый у дачыненьні да Беларусі, а таксама абараняла пазыцыю рэспублікі пры абмеркаваньні сытуацыі з правамі чалавека.

Ня будзем ставіць рытарычнае пытаньне, наколькі этычна дыплямату «шыхтаваць» беларусаў за тое, што не падзяляюць расейскі шавіністычны экстаз. Але сама лёгіка развагаў — ну поўны адпад!

Калі цалкам адкінуць рэшткі дыпляматычнае мовы, то сэнс такі: мы ваша начальства выгароджвалі за парушэньні правоў чалавека, а вы, няўдзячныя, ня рвецеся зараз ухваляць нашу каўкаскую вайну!

Дарэчы, Каўказам справа можа ня скончыцца. Масква рэзка ўзмацніла ваяўнічую рыторыку ў дачыненьні да Кіева. Заўтра ад Беларусі могуць запатрабаваць, каб падтрымала прэтэнзіі на Севастопаль, на Крым.

Нас упарта ўцягваюць у маскоўскія «разборкі» з былымі «малодшымі сёстрамі».

Дзякуй, але сваю постімпэрскую кашу сёрбайце, панове, самі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?