Італьянскі велагоншчык Мікеле Скарпоні загінуў сёння раніцай падчас трэніроўкі побач са сваім домам у Філатрана, піша Tut.by.
Gazzetta di Parma
Скарпоні збіў грузавік. На месца трагедыі хутка прыехалі медыкі, але выратаваць гоншчыка ім не ўдалося.
«Літаральна ўчора Мікеле фінішаваў чацвёртым на шматдзённай гонцы «Альпійскі Тур» у Трэнта. Затым ён вярнуўся дадому ў Філатрана на машыне разам з яго масажыстам і ўвесь вечар правёў са сваёй сям'ёй.
Сёння рана раніцай Мікеле выехаў на трэніроўку, дзе і адбылася трагедыя.
Мы страцілі вялікага чэмпіёна і выдатнага чалавека, ён быў душой і значнай часткай для ўсіх у камандзе «Астана».
Каманда падзяляе страту і знаходзіцца побач з сям'ёй Мікеле ў гэты неймаверна цяжкі і горкі момант», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве каманды «Астана», за якую выступаў Скарпоні.
37-гадовы гоншчык планаваўся ў якасці лідара каманды на супершматдзёнку «Джыра д'італія», якую ён ужо выйграваў у 2011 годзе.
У пелатоне Скарпоні меў рэпутацыю не толькі вялікага чэмпіёна, але і аднаго з самых прыязных гоншчыкаў.
За некалькі гадзін да трагедыі ён апублікаваў фатаграфію са сваімі сынамі-двайнятамі.