Арнітолагі знайшлі пад Гроднам рэдкую для Беларусі чырвонаваллёвую казарку. Інфармацыю пра гэта размясціў на сайце «Птушкі штодня» арнітолаг, намеснік старшыні абласнога аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Дзмітрый Вінчэўскі, паведамляе БелТА.

Ілюстрацыйнае фота: zoologist.ru

Нячастую госцю Беларусі заўважылі ў Бераставіцкім раёне паміж вёскамі Ермаловічы і Алекшыцы 17 і 19 сакавіка.

Рэдкая птушка шчыпала траву ў пойме Свіслачы сярод гусей. Падчас вясновых назіранняў казарку спачатку пабачыла пры павелічэнні зробленых 17 сакавіка здымкаў адна з удзельніц грамадскага аб'яднання, а праз дзень яе ўбачылі там жа ўжывую.

Гэты від казаркі (лац. Branta ruficollis) занесены ў Міжнародную чырвоную кнігу і ахоўваецца шэрагам міжнародных пагадненняў. У Чырвонай кнізе Расіі яна мае статус рэдкага віду. Звычайна птушка гняздуецца ў тундрах РФ, а месцам зімовага пражывання выбірае азёры ў Балгарыі, Румыніі ці Грэцыі. У Беларусі гэтых птушак выяўляюць далёка не кожны год, звычайна гэта выпадковыя залётныя асобіны. У Гродзенскай вобласці чырвонаваллёвую казарку ўпершыню адзначылі ў 2012 годзе таксама на ўчастку Свіслачы — вадаплаўная з сямейства качыных была заўважаная усё ў той жа кампаніі шэрых гусей. Валляк і грудзі ў такой казаркі чырвона-рудыя, аддзеленыя белымі палосамі ад чорнага апярэння шыі і бруха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0