За адзін клік у мужчыны ўжо канфіскавалі тэлефон плюс пасля суда, хутчэй за ўсё, пакараюць штрафам.
49 гадовы Аляксандр Рабец з Парычаў (пасёлак у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці) яшчэ ў студзені рэпостнуў артыкул суполкі Укантакце «Рэвалюцыйнае дзеянне». Артыкул быў прысвечаны акцыі анархістаў у Гомелі: былі вывешаныя плакаты на выездах з горада з надпісамі «У новы год з новымі падаткамі» і «Падаткі. Беспрацоўе. Павышэнне цэн. З Новым Годам».
Рэпостнуў і рэпостнуў. Увогуле, на старонцы Рабца шмат рэпостаў — ён інвалід 1-й групы, не можа хадзіць. Не працуе, жыве за пенсію па інваліднасці.
«Ляжу ў ложку, з тэлефона ўвесь час у інтэрнэце», — кажа мужчына.
Але ж 8 сакавіка да Рабца завітаў участковы міліцыянт — менавіта наконт таго рэпосту. Высветлілася, што тая анархісцкая суполка і паведамленні ў ёй унесеныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у РБ і заблакаваныя для доступу ў РБ.
«Прыйшоў участковы. Кажа, нібыта нейкі маёр ажно з Мінска, з крымінальнага вышуку даў яму каманду, — распавёў «Нашай Ніве» Рабец. — Склалі пратакол на мяне».
Акрамя таго, участковы канфіскаваў прыладу, з якой быў зроблены перадрук — мабільнік Аляксандра.
«Ну і паведаміў, што справа перадаецца ў суд», — кажа Рабец.
Цяпер мужчыну пагражае адміністратыўная адказнасць — ад 10 да 50 базавых. То бок, ад 230 да 1150 рублёў.