Ініцыятыва «Радзіны» распачала на старонцы zvarot.by кампанію па зборы подпісаў пад афіцыйным зваротам да Міністэрства аховы здароўя паважаць правы жанчын падчас цяжарнасці і родаў.
«Ранні этап нашага жыцця (ад зачацця да года), у асаблівасці акалічнасці нараджэння, адбіваюцца на далейшым жыцці і крытычна важны для будучага фізічнага і псіхічнага здароўя», — сцвярджаюць арганізатары.
Паводле «Радзінаў», беларускі падчас цяжарнасці і родаў часта сутыкаюцца ў паліклініках, радзільнях і шпіталях з непавагай да сваіх правоў і патрэбаў. Гэта пагражае іх жыццю і здароўю.
«Выжыванне — не адзінае, у чым мае патрэбу жанчына і яе дзіця падчас цяжарнасці і родаў», — сцвярджаюць арганізатары.
Калектыўны зварот будзе скіраваны ў Міністэрства аховы здароўя 30 красавіка. Чыноўнікі будуць абавязаныя разглядзець яго цягам 15 дзён і даць адказ — на старонцы міністэрства або праз электронную пошту.