Вольга Рыбакіна (злева) і Надзея.

Вольга Рыбакіна (злева) і Надзея.

На пасядзелкі сабраліся амаль 20 маладых мам. Хтосьці цяпер працуе толькі мамай, а хтосьці спрабуе спалучаць любімы занятак і мацярынства.

«Вы, калі былі цяжарнымі, думалі, што будзе так? Я, калі нарадзіла Еву, зразумела, што выпадаю са свету, у якім жыла, калі належала сама сабе. Здавалася: і што, усё? А дзе праца, кар’ера?» — пытаецца Вольга Рыбакіна.

«Я доўгі час працавала ў клубах, у мяне было такое насычанае жыццё! Кожны дзень мерапрыемствы, тысячы людзей, мора знаёмстваў, вар’яцкія вечарынкі. І проста ў адзін момант — дом і дзіця. Усё змянілася цалкам. Канечне, можна было здагадацца, што так будзе, але што настолькі — не», — прызнаецца Вольга, якая цяпер займаецца выпечкай кулінарных шэдэўраў.

— Хто мне дапамагаў, дык гэта сяброўкі, з якімі я пазнаёмілася на фітнэсе для цяжарных. Мне падаецца, на той момант толькі яны мяне і разумелі. Больш не разумеў ніхто: ні муж, ні маці. Шчыра кажучы, у мяне ехаў дах. Цяпер у мяне ўжо другое дзіця, такога няма, але з першым я хадзіла і на развіваючыя заняткі, і ў басейн, і куды заўгодна — толькі б не сядзець дома.

Мне здавалася, што дом — самае страшнае месца на зямлі, дзе дзіця толькі крычыць, не спіць і есць. Усё, больш ён нічога не робіць, а ты, натуральна, належыш толькі яму. І вельмі крыўдна, што іншыя мамы хавалі гэта, яны не расказвалі, што будзе так».

«Калі я была цяжарная, чытала пасты інста-мам кшталту «Я не ведаю, як без яго жыла», — дадае Вольга Рыбакіна. — Можаце мяне памідорамі закідаць, але пасля начэй без сну, калі дрыгаецца вока, галава засаленая, адна цыцка большая за другую, мне хочацца запытацца: «Што? Не ведаеш, як жыла?» Я спрабавала знайсці падвох, а потым зразумела: ніякая мама не расказвае, што гэта складана. Усе паказваюць, што ўсё могуць і ўсё паспяваюць».

«Я шмат чытала і зразумела, што, каб жыць па маіх правілах, трэба выбудаваць рэжым дзіцяці. Маё жыццё не заканчваецца, таму што з’явілася дзіця. Яно прыходзіць у сям’ю, а не наадварот», — кажа бізнэс-лэдзі Дар’я.

— Я заўсёды хацела, каб я спала з мужам, а дзіця — асобна. Хацела, каб дзіця спала ўсю ноч. І ў шэсць месяцаў мы навучыліся спаць, у сем — перасталі есці ў пяць раніцы».

«Я Еву паклала пад бачок. Спала яна як хацела: галава — на мне, ногі — на мужу. У адрозненне ад Дашы, я зрабіла наадварот: усё для цябе, дарагая. Спі і еш колькі хочаш і калі хочаш. Але потым трэба было змагацца з тым, каб перакласці ў ложак, адвучыць ад грудзей», — прыгадвае Вольга Рыбакіна.

«Я мяркую, што калі маці спіць разам з дзіцём, пакуль муж спіць у іншым пакоі, і ўсім траім так добра, значыць, добра, — працягвае думку Дар’я. — Калі ж добра толькі дзіцяці, а ім дваім дрэнна, то гэта ўжо не правільна. У дзіцяці няма права разлучаць дарослых. Бацькі павінны мець магчымасць пабыць удваіх, спаць асобна. Таму што са шчаслівымі бацькамі і дзеці шчаслівыя».

«Мне казалі, што першыя паўгода дзіця толькі есць і спіць, таму я буду ўсё паспяваць, — дадае Вольга. — Мая раўла ўвесь час. Што я магу паспяваць, калі яна ўвесь час крычыць?!»

«А вось у Каці дачка Даша сем месяцаў спала ўсю ноч», — заўважае Вольга Рыбакіна.

«А вось пасля знаёмства мая спаць перастала!» — усміхаецца Кацярына.

«Мабыць, Ева сказала ёй: «Даша, ты спіш усю ноч? Так ніхто не робіць! Мінімум чатыры разы прасыпайся, каб папіць, папісаць і проста патусіць», — смяецца Вольга Рыбакіна.

«Усё яшчэ залежыць ад мамы. Каця ў нас як арганізатар па жыцці, так яна і Дашу выхоўвае, — уключаецца Надзея, сястра Кацярыны. — Памятаю, тры тыдні Дашы было. Я прыйшла, Каця намарафечаная ўся, дзіця прыгожа спавітае. Пытаюся: «Ты куды?» Яна: «Вырашыла ў краму з’ездзіць». Я ледзьве не ўпала. Яшчэ ад досведу многае залежыць.

З першым дзіцем заўсёды цяжэй. Баішся, многае не разумееш. Майму дзіцяці было тры тыдні, і ён, бач ты, не так дыхаў носікам! Ён у мяне занадта «хрукаў». Я падняла на вушы ўвесь Мінск, мы пракансультаваліся ва ўсіх оталарынголагаў. Цяпер я б нават не звярнула ўвагу на гэта. Сапіць, ну і што? Галоўнае, што спіць».

«А ўявіце, што ў мамы-перфекцыяністкі нараджаецца непрыгожае дзіця…» — падкідвае хтосьці тэму для абмеркавання.

«Ды не бывае непрыгожых дзяцей! — запэўнівае Надзея. — Гэта збоку можа так падавацца, а для маці дзіця заўсёды будзе прыгожым».

«Калі мне прынеслі дачку, я падумала: «Гэта мая?!» — прыгадвае Вольга. — Чырвоная, быццам бы ў нейкіх прышчах. У нас фотасесія праз сем дзён, я тэлефаную фатографу і кажу: «14 дзён мінімум! Гэта ўсё трэба прыбраць!»

«Памятаю, пайшла да Евы. Па сценцы дабралася туды, дзе ляжаць дзеці. Адкрываю прасціну, гляджу, а ў яе язык высунуты. Пытаюся: «Гэта паталогія ці гэта нармальна?» Мне адказваюць: «Мамаша, вы чаго?» Кажу: «Ну, глядзіце: без языка, без языка, без языка, а ў мяне з языком». Цяпер, канечне, гэта ўсё тлумачыцца, бо ў таты Евы доўгі язык у прамым сэнсе слова, — усміхаецца Вольга Рыбакіна. — Проста мне здавалася, што зараз мне прынясуць маё дзіця як з карцінкі, дзе яно ляжыць такое ўсё прыгожае, усміхаецца і ўжо гатовае сказаць: «Мама, прывітанне! Я так цябе чакала».

Праз гадзінку пасядзелкі плаўна перамясціліся ў суседні пакой, дзе за кубачкам гарбаты жанчыны працягвалі гутарыць пра дзяцей, пра бацькоў, пра мужоў ды пра сваё, жаночае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?