За апошнія тры месяцы ў Мінску былі заключаныя некалькі буйных угодаў па продажы знакавых аб'ектаў, якія раней належалі Юрыя Чыжу.
На іх звярнуў увагу «Ежедневнік».
Паводле звестак Следчага камітэта, бізнэсмену і яго кампаньёнам інкрымінуецца ўхіленне ад сплаты падаткаў, што нанесла дзяржаве шкоду ў памеры каля $12 мільёнаў. Аднак кошт прададзеных аб'ектаў у разы перавышае нанасеныя страты.
Такім чынам, каму цяпер належаць гіпермаркеты Юрыя Чыжа? Раней у яго бізнэс-імперыі было пяць крамаў «Прастор».
«Прастор» на Каменнагорскай дастаўся «БПС-Сбербанку»
Гэта быў адзін з найноўшых маркетаў Юрыя Чыжа.
У канцы ліпеня кампанія «Прастор-Трэйд» прадала гэты гандлёвы цэнтр. Як стала вядома «Нашай Ніве», новым уласнікам стаў «БПС-Сбербанк».
Банк набыў тут два вялікія аб'екты.
Гандлёвы цэнтр плошчай каля 23 тысяч квадратных метраў каштаваў 40,4 мільёна новых рублёў (амаль $21 мільён у эквіваленце).
Апроч таго, банк стаў гаспадаром шматузроўневага паркінга плошчай больш за 18 тысяч квадратных метраў. Ягоная цана — каля 15,3 мільёна новых рублёў (каля $8 мільёнаў).
Яшчэ некалькі дапаможных збудаванняў перайшлі «БПС-Сбербанку» часткова (33%). Рэшта долі застаецца ў «Прастор-Трэйда», але закладзеная ў тым жа банку.
«Прастор» у Малінаўцы тройчы перазакладзены
Самы стары гіпермаркет па адрасе Дзяржынскага, 126 быў пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне 2000-х і фармальна быў зарэгістраваны на кампанію «ПрасторМаркет».
Калі вясной 2013 года Юрыю Чыжу спатрэбіліся грошы, ён звярнуўся ў «БПС-Сбербанк». Бізнэсмен атрымаў $31 мільён, заклаўшы гандлёвы цэнтр. Грошы ён мусіў вярнуць на працягу дзесяці гадоў.
У канцы 2015 года Чыж атрымаў ад банка яшчэ каля $1 мільёна ў эквіваленце, абяцаўшы разлічыцца за паўгода.
Нарэшце, у ліпені 2016 была аформленая трэцяя па ліку застава — 55 мільёнаў новых рублёў (каля $28 мільёнаў у эквіваленце). Грошы трэба вяртаць на працягу дзесяці гадоў пад стаўку рэфінансавання + 0,6 працэнтнага пункта. У гэтую дамову ўключаныя яшчэ некалькі дапаможных збудаванняў гіпермаркета на Каменнагорскай.
«Арэна-Сіці» дастаўся «Белаграпрамбанку»
Гандлёвы цэнтр на праспекце Пераможцаў, 84 тым часам адышоў іншаму банку. У чэрвені 2016 года гаспадаром стаў «Белаграпрамбанк».
Асноўнае памяшканне гандлёвага цэнтра (каля 78 тысяч квадратных метраў), кафэ, кінатэатр… — усё гэта ішло ў адным флаконе і каштавала каля $75 мільёнаў, прычым угода заключалася ў валюце.
«Прасторы» ў Чыжоўцы і Шабанах адышлі «Беларусбанку»
Нарэшце, гіпермаркеты па адрасе Убарэвіча, 176 і Партызанскі праспект, 182 Юрый Чыж аддаў пад заставу яшчэ ў канцы 2014 года. Цяпер будынкі належаць лізінгавай кампаніі «Беларусбанка».
За крамы Чыж атрымаў $61,2 мільёна. Грошы можна вярнуць банку да 2022 года, і толькі ў такім выпадку мультымільянер атрымае гэтую маёмасць назад.