Традыцыі дарослых і дзіцячых баляў будуць развіваць у музеі-сядзібе М.К. Агінскага ў Залессі ў Год культуры, паведамілі ў дырэкцыі музея.

БелТА

БелТА

Балі ў Залессі Смаргонскага раёна называюць брэндавымі мерапрыемствамі. У мінулым годзе ўдзельнікамі касцюміраваных танцавальных і тэатральных вечароў пажадала стаць больш людзей, чым магла прыняць сядзіба. На баль прыязджалі з Мінска, Гродна, некаторых раёнаў, замежныя госці. На калядны баль у студзені бягучага года толькі з Літвы прыбылі амаль 30 гасцей. У чэрвені ў сядзібе чакаюць юных удзельнікаў балю. Яшчэ адзін бальны вечар плануюць правесці ў верасні ў час свята «Вяртанне Паўночных Афін», якое арганізуецца да дня нараджэння былога ўладальніка сядзібы, сусветна вядомага кампазітара, палітычнага дзеяча і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага.

У Год культуры ў адрэстаўрыраванай сядзібе плануюць правесці мерапрыемствы міжнароднага і мясцовага маштабу. З найбліжэйшых — канцэрт вядомых выканаўцаў класічнай музыкі з Польшчы «Гданьскае трыа» 19 сакавіка. Незвычайным абяцае стаць «Ноч музеяў» у сядзібе, аднак пакуль арганізатары не раскрываюць сакрэтаў. Запланавана правядзенне фестывалю батлеечнага мастацтва, фестывалю «Залессе збірае сяброў», вечароў раманса і канцэртаў, квест-гульняў і інш.

Серыю мерапрыемстваў правядзе таксама мясцовы дабрачынны фонд «Паўночныя Афіны». На тэрыторыі сядзібы хочуць арганізаваць зялёны пленэр, на які запросяць фларыстаў, ландшафтных дызайнераў і мастакоў з розных краін. Летам добраўпарадкаваннем парку ў Залессі будуць займацца ўдзельнікі міжнароднага валанцёрскага лагера.

Музей-сядзіба князёў Агінскіх у Залессі Смаргонскага раёна адкрылася ў верасні 2014 года пасля рэстаўрацыі, праведзенай па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь», а таксама за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Музею-сядзібе стараюцца вярнуць былую славу «Паўночных Афін», як сядзібу называлі раней, - месца, куды прыязджалі вядомыя дзеячы з Пецярбурга, Масквы, Парыжа, Варшавы і іншых гарадоў. У сядзібе Залессе вядомы грамадскі дзеяч, дыпламат і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі жыў амаль 20 гадоў (з 1802 па 1822 год). Тут ён стварыў самы вядомы твор — паланэз «Развітанне з Радзімай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?