Генеральны дырэктар Дзяржфільмафонду Расіі Мікалай Барадачоў абвяргае інфармацыю, што Аляксандр Лукашэнка выдзеліць 2 млн. долараў на фільм з удзелам Жэрара Дэпард'ё.
28 верасня расійская газета «Известия» са спасылкай на Барадачова паведаміла, што Лукашэнка выдзеліць 2 млн. долараў на фільм «Нармандыя-Нёман», дзе сыграе Дэпард'ё. У размове з карэспандэнтам БелаПАН кіраўнік Дзяржфільмафонду абверг гэту інфармацыю і заявіў, што яго няправільна зразумелі.
«Я ведаю, што Беларусь падтрымала ідэю, але пра бюджэт можна гаварыць толькі пасля заканчэння вытворчасці. Мы не ведаем, колькі грошай дасць Лукашэнка», — растлумачыў ён.
Пра ўдзел Беларусі ў праекце «Нармандыя-Нёман» стала вядома пасля сустрэчы Дэпард'ё з Лукашэнкам. Французскі акцёр разам са сваім прадзюсерам Арно Фрылі наведалі Мінск у ліпені гэтага года.
«Працуючы над праектам «Нармандыя-Нёман», мы пастараемся на аснове сведчанняў людзей — удзельнікаў тых падзей, уключаючы генерала дэ Голя, які апісаў іх у сваіх мемуарах, аднавіць праўду, рэальную гісторыю палка», — казаў Дэпард'ё, зазначаючы, што сыграе адну з галоўных роляў у кінакарціне.
Паводле слоў Барадачова, французскаму акцёру дадуць усё-такі другарадную ролю — механіка ці падобнага персанажу. Імёны іншых вядомых акцёраў, якія будуць задзейнічаныя ў фільме, пакуль не называюць, як і тое, хто будзе рэжысёрам і сцэнарыстам.
«Зараз праект знаходзіцца ў распрацоўцы, арганізацыйныя пытанні вырашаныя на 30-40%», — заявіў Барадачоў.
Агульная сума бюджэту фільма таксама не абвяшчаецца. Невядома, якую суму выдзеляць расійскі і французскі бакі, якія заявілі пра ўдзел у рэалізацыі праекта. Аб ролі Беларусі Барадачоў заявіў: «Калі Жэрар дамовіўся па гэтым пытанні, знайшоў разуменне — значыць, Беларусь таксама будзе аказваць нейкія паслугі».
Гендырэктар Дзяржфільмафонду заявіў, што здымкі «Нармандыі-Нёмана» пройдуць у 2016—2017 гадах. Гэта будзе шматсерыйны фільм.
У Міністэрстве культуры Беларусі заявілі, што не маюць інфармацыі аб выдзяленні 2 млн. долараў на фільм «Нармандыя-Нёман». Такі ж адказ БелаПАН атрымаў на кінастудыі «Беларусьфільм».
Прэс-сакратар Міністэрства фінансаў Ірына Комар на пытанне, ці сапраўды міністр сустракаўся з Лукашэнкам наконт праекта «Нармандыя-Нёман» і ці будзе выдзелена з бюджэту 2 млн. долараў на гэты фільм, заявіла, што «пакуль міністэрства нічога не будзе каментаваць наконт гэтага».
Зазначым, што ў рэспубліканскім бюджэце 2015 года на падтрымку кінематографа закладзена 65 млрд. рублёў — па сённяшнім курсу гэта 3,7 млн. долараў.
Між тым у кінематаграфічных колах кажуць, што аб падтрымцы фільма «Нармандыя-Нёман» ёсць прынцыповае рашэнне Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў рэжысёр і сцэнарыст Андрэй Курэйчык.