У працэсе вывазу грамадзянкі Беларусі ў Расію з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі затрыманыя 31-гадовы жыхар Віцебска і 20-гадовая масквічка.
Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама Алег Гарбачоў.
Суценёры завербавалі і спрабавалі вывезці ў Маскву 28-гадовую жыхарку Віцебска.
«Яны спачатку перапісваліся з дзяўчатамі праз інтэрнэт, рабілі ім свае прапановы, а з тымі, хто згаджаўся, дамаўляліся пры асабістай сустрэчы. На такой вярбоўцы ў раёне Воранаўскага кола і адбылося затрыманне. Масквічка, як мяркуецца, — арганізатарка нелегальнага публічнага дома, а хлопец там ахоўнікам», — тлумачыць Алег Гарбачоў.
Акрамя таго, у справе фігуруе маці затрыманай масквічкі і яшчэ адзін чалавек. Мяркуецца, што яны дапамагалі ў вывазе.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле «арганізацыя прастытуцыі, спалучаная з вывазам за мяжу».
Гэты дзясяты такі выкрыты выпадак. Беларусак спакушаюць выязджаць у Расію і, зрэдку, у Турцыю.