У суботу 10 сьнежня ў Баранавічах мясцовыя патрыёты правялі акцыю ў падтрымку незалежнай прэсы Беларусі. А 12-й каля дзясятка чалавек выстраіліся ланцугом уздоўж будынку галоўпаштамту, трымаючы ў руках «Нашу Ніву» і «Народную волю». Праз паўгадзіны ўдзельнікі акцыі накіраваліся ў сярэдзіну паштовага офісу, дзе запоўнілі падпісныя квіткі на забароненыя газэты. Пасьля адмовы ў падпісцы было зроблена некалькі запісаў у кнігу заўваг. У акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных партый і грамадзкіх арганізацый гораду.

Палітвязьні

Мікалаю Аўтуховічу 6 сьнежня прад’явілі абвінавачаньне — ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Тэрмін арышту яму працягнуты да 14 студзеня 2006 г., прадпрымальнік працягвае галадоўку з 14 кастрычніка.

Валер Леванеўскі 30 лістапада прыпыніў галадоўку, якая доўжылася 17 дзён — у калёніі ідзе праверка па ягоных скаргах. Палітвязень паведаміў адвакату, што адміністрацыя калёніі незаконна зьнішчае некаторыя ягоныя лісты.

Скаргу на прысуд, вынесены год таму, падаў у Вярхоўны суд 9 сьнежня Міхаіл Марыніч.

Слова без свабоды

Прафсаюзнаму штотыднёвіку «Салідарнасць» 7 сьнежня РУП «Белсаюздрук» і «Менскаблсаюздрук» адмовілі ў распаўсюдзе з 1 студзеня, не ўказваючы прычыны.

Газэта «Курьер из Борисова» пасьля вымушанага спыненьня пастанавіла выходзіць у Інтэрнэце: 9 сьнежня пачаў працу сайт «Электронны Барысаў» (www. borisov-e.info).

Зь пінскай газэтай «Мясцовы час» кіраўніцтва гатэлю «Спорт» скасавала дамову арэнды офісу з 31 студзеня, хаця тэрмін дамовы сканчаецца толькі ў ліпені.

9 сьнежня апэляцыйны суд пакінуў у сіле рашэньне Менскага гарадзкога гаспадарчага суду паводле пазоваў «Народнай Волі» да «Менгарсаюздруку», «Менаблсаюздруку» й «Белсаюздруку».

Журналіст тэлекампаніі «Мір» Ігар Станкевіч 12 сьнежня паведаміў, што яго змушаюць звольніцца: яго падазраюць у перадачы апазыцыі кінахронікі палітычных падзеяў.

Сьмерць Гроднікава

Пракуратура 2 сьнежня пастанавіла аднавіць праверку акалічнасьцяў сьмерці журналіста «Народнай Волі» Васіля Гроднікава.

Палякі пад кантролем

Ленінская раённая пракуратура Горадні 6 сьнежня абвясьціла пра пачатак праверкі па факце выхаду ў Польшчы часопісу «Magazyn Polski» ды газэты «Głos znad Niemna» ў эміграцыі». У галоўнага рэдактара часопісу «Magazyn Polski» Андрэя Пачобута ўзялі тлумачэньні, 9 сьнежня яму вярнулі пашпарт.

7 сьнежня ў абласную пракуратуру перададзеная справа ў дачыненьні да Анджэя Пісальніка, Юзафа Пажэцкага, Веслава Кесьляка і А.Пачобута, якіх вінавацяць у запалохваньні дырэктара шчучынскага Дому палякаў Віктара Богдана.

Пэнсіянэра Станіслава Клімовіча затрымалі памежнікі 9 сьнежня на чыгуначным вакзале ў Горадні: ён перадаваў машыністу электрычкі газэту «Głos znad Niemna» ў эміграцыі».

10 сьнежня ў Беларусь не пусьцілі здымачную групу грамадзкай польскай тэлевізіі TVP на чале з карэспандэнткай Агнешкай Рамашэўскай. Журналістка мае візу і акрэдытацыю.

11 сьнежня памежнікі не пусьцілі ў краіну Міхала Дворчыка — дарадцу прэм’ер-міністра Польшчы, абвесьціўшы яго пэрсонай нон-грата.

Забароны для БХК

Актывісту ГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Ігару Маслоўскаму Берасьцейскі гарвыканкам забараніў праводзіць 11 сьнежня пікет, прымеркаваны да Міжнароднага дня правоў чалавека.

7 сьнежня Вышэйшы гаспадарчы суд спыніў разгляд пазову БХК да Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. БХК патрабаваў адмены рашэньня дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі Кіраўніцтва спраў, паводле якога арганізацыя ня можа атрымаць замежную дапамогу на аплату офісу й іншых выдаткаў.

Вялейская справа

Адміністрацыйная камісія пры Вялейскім выканкаме 5 сьнежня разгледзела справу актывіста АГП Уладзімера Малярчука і актывіста ТБМ Мікалая Суслы, якія распаўсюджвалі інфармацыйны бюлетэнь да Дня салідарнасьці. Іх затрымалі яшчэ 12 лістапада.

Гомельскія кіроўцы

5 сьнежня ўдзельнікаў страйку кіроўцаў у Гомелі пачала запалохваць адміністрацыя аўтапарку. Актывісту ПБНФ Андрэю Баранаву дырэктар парку Хадакоўскі пагражаў крымінальнай справай за арганізацыю несанкцыяванага мітынгу й распаўсюд «непраўдзівых зьвестак». Падставай стала інтэрвію Баранава радыё «Свабодзе».

Затрыманьні за ўлёткі

У гомельскім Лядовым палацы падчас хакейнага матчу 7 сьнежня затрымалі актывіста ПБНФ Сяргея Трыфанава, які раздаваў улёткі з інфармацыяй пра А.Мілінкевіча.

10 сьнежня ў Горадні затрымалі Віталя Курсу, зьвінаваціўшы ў распаўсюдзе ўлётак. Канфіскавалі пакет з шасьцю інфармацыйнымі бюлетэнямі і 350 улёткамі аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Актывіста ПБНФ Валера Кісяля й актывіста ГА «БНФ «Адраджэньне» Сяргея Левановіча затрымалі 12 сьнежня ў Горадні па падазрэньні ў наяўнасьці фальшывых дакумэнтаў: у іх канфіскавалі ўлётку Мілінкевіча, брашуры па правах чалавека ААН і «Нераскрытыя злачынствы найноўшай гісторыі», мапу раёну й сьпіс з нумарамі дамоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?