У 2015 годзе «Прыёрбанк» плануе запусціць сэрвіс галасавой аўтэнтыфікацыі кліентаў на аснове біяметрычных звестак, паведаміў намеснік старшыні праўлення банка Сяргей Шышоў 30 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі. 

Спецыялісты банка на прэс-канферэнцыі зазначылі, што зараз гэты сэрвіс знаходзіцца ў распрацоўцы. «Гэты сэрвіс паступова будзе распаўсюджвацца на ўсіх кліентаў, у тым ліку на юрыдычных асоб», — зазначыў Шышоў. 

Пры гэтым ён дадаў, што гэта сістэма аўтэнтыфікацыі больш надзейная ў параўнанні з праверкай кліентаў на аснове адпячатка пальцаў. 

«Нам уяўляецца, што гэта сістэма значна лепшая, чым тэхналогіі аўтэнтыфікацыі на аснове адпячаткаў пальцаў. Гэта сістэма ўлічвае каля 60-70 прыкметаў, і калі скуру на пальцах можна змяніць, то голас змяніць амаль немагчыма», — падкрэсліў Шышоў. 

Запуск гэтага сэрвісу запланаваны на 2015 год. «Кліенту не трэба будзе называцца, сістэма аўтаматычна вызначыць, хто звоніць», — растлумачыў ён. 

Паводле слоў прадстаўнікоў банка, распрацоўка і ўкараненне сістэмы галасавой аўтэнтыфікацыі з`яўляецца часткай палітыкі кампаніі па развіцці дыстанцыйных каналаў камунікацый з кліентамі. 

На прэс-канферэнцыі «Прыёрбанк» прэзентаваў сэрвіс прэміяльнага абслугоўвання кліентаў Premium Direct. У межах гэтага сэрвісу за кожным кліентам замацоўваецца персанальны менеджар, які рыхтуе агляд фінансавага стану кліента, прапановы па фарміраванні дэпазітнага і інвестыцыйнага партфеля, крэдытавання, пенсійнага назапашвання.

Паводле слоў прадстаўнікоў «Прыёрбанка», у іншых банках аўстрыйскай групы Raiffeisen, у якую ўваходзіць банк, гэты сэрвіс раней быў паспяхова ўкаранёны. «Сэрвіс атрымаў папулярнасць у Славакіі і Расіі. Паводле звестак калег, узаемадзеянне з 80% усіх прэміяльных кліентаў адбываецца аддалена», — канстатавала дырэктар дэпартамента па працы з прыватнымі кліентамі «Прыёрбанка» Іна Забіран.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?