Так Джардана Бруна даказвалі, што бог ёсць. 

Так Джардана Бруна даказвалі, што бог ёсць. 

Газета «Вечерний Могилёв» сцвярджае, што атэізм сказіў навуку і адмаўляе тэорыю эвалюцыі. Кажуць, Ленін жыў з «хворымі нейронамі», таму сучасная навука — брахня. Мула ў Саудаўскай Аравіі даказвае, што Зямля не абарочваецца вакол Сонца. Маўляў, было бы так — самалёт ніколі б не даляцеў з Эміратаў да Кітая.

Некаторыя рассылаюць такія гісторыі сябрам замест анекдотаў. Некаторыя ў тое насамрэч вераць.

Ёсць такія рэлігійныя актывісты, якія абвяргаюць асобныя навуковыя факты «навуковай мовай». Ёсць тыя, якія кажуць, што навука — проста хлусня, а праўда толькі ў святых пісаннях.

Адзін з частых аргументаў праціўнікаў навукі — навука яшчэ не даказала, што бога няма.

Тое чыстая праўда. Навука такога не даказала і даказаць не магла.

І нават не збіралася. У навуцы бога проста няма. Ёсць неспазнанае, загадкавае, анамальнае. Што ўсярэдзіне чорнай дзіры? Навука не ведае, з чорных дзір матэрыя не вылятае (калі не лічыць выпраменьванне Хокінга). Але дакладна не шукае там бога. «Неспазнанае» не значыць «неспазнавальнае».

Тое, што ён не бачыў бога, насамрэч не доказ таго, што бога не існуе. Фота з сайта pravmir.ru

Тое, што ён не бачыў бога, насамрэч не доказ таго, што бога не існуе. Фота з сайта pravmir.ru

У Гагарына неяк спыталі, ці бачыў ён бога, калі лятаў у космас. Гагарын, як вядома, адказаў, што бога не бачыў. Жарт успрынялі сур’ёзна, распаўсюдзілі па савецкай прэсе. «Бога немагчыма пабачыць! Нідзе не сказана, што ён сядзіць на воблачку над Зямлёй», — абурыцца вернік і правільна зробіць.

Рэлігія звычайна не сцвярджае, што бога можна пабачыць, крануць.

Прынамсі асноўныя рэлігіі Зямлі кажуць, што бог нематэрыяльны, неспазнавальны навуковымі метадамі. Доказы яго існавання — цуды, сведчанні людзей, якім бог яўляўся сам.

Але навука ў цуды не верыць і неспазнанае не прызнае неспазнавальным. А неспазнанае так ці іначай можна даследаваць ці прынамсі змадэляваць. Сведкам на слова таксама верыць не прынята — вусная інфармацыя можа ўспрымацца навукай хіба як штуршок да даследаванняў, як падказка, але не як доказ.

Калі адмовіць навуковыя метады, можна стварыць уласную рэлігію.

Англійскі матэматык і філосаф Бертран Расэл аднойчы прапанаваў фактычна новага бога. У артыкуле «Ці ёсць бог» ён прывёў прыклад сцверджання: між Зямлёй і Марсам па эліптычнай арбіце абарочваецца фарфоравы імбрычак, ды настолькі малы, што яго немагчыма знайсці нават з самым магутным тэлескопам. З такім не паспрачаешся. Можна казаць, «Імбрычак Расэла» існуе, бо гэта немагчыма абвергнуць.

Кананічная выява Лятучага макароннага монстра. Выява з сайта fastcult.ru

Кананічная выява Лятучага макароннага монстра. Выява з сайта fastcult.ru

Жыхар Канзаса, ЗША, у 2005 годзе абвясціў аб новай веры ў звышнатуральнага стваральніка, падобнага да макароны з цефцелямі — Лятучага макароннага монстра, нябачнага і неадчувальнага. Рэлігія, названая пастафарыянствам, кажа, што Лятучы макаронны монстр стварыў сусвет, пачаўшы з гары, дрэваў і карліка. Гэтая рэлігія адмаўляе тэорыю эвалюцыі — кожны раз, як навукоўцы праводзяць радыевугляродны аналіз, Макаронны монстр мяняе вынікі на фальшывыя. Адзін з любімых фактаў пастафарыян — графік росту колькасці піратаў з ростам сярэдняй тэмпературы на Зямлі.

Смех смехам, а пастафарыяне недзе зарэгістраваныя як рэлігія, недзе як грамадская арганізацыя. У некаторых краінах адстаялі права здымацца на фота ў дакументы ў сваім традыцыйным галаўным уборы — друшляку.

Думаеце, пастафарыяне марнуюць час на лухту?

Ёсць такая філасофская пазіцыя — навуковы скептыцызм.

Калі нейкае сцверджанне не мае эмпірычных доказаў, у ім трэба засумнявацца. Няма доказаў, што астралогія працуе, а НЛА наведвалі Зямлю? Значыць, не працуе і не наведвалі, калі толькі не будзе эксперыментальна даказанае адваротнае. Не трэба даказваць, што Лятучага макароннага монстра няма, бо не даказана, што ён існуе.

Калі навука спраўляецца з апісаннем свету без Лятучага макароннага монстра, яго канцэпцыю можна адсекчы лязом Акама. А вось без Вялікага выбуху цяжка апісаць паходжанне Сусвету. У яго прыходзіцца верыць, бо эксперыментальных доказаў ці 100%-надзейных яго мадэляў пакуль няма. Затое ёсць ускосныя доказы, мадэлі, што не супярэчаць вядомым сёння фактам, ды даследаванні (напрыклад, такое), што вырашаюць праблемы Вялікага выбуху.

Сёння небяспечна верыць усім на слова і не правяраць інфармацыю.

Без навуковага падыходу можна паверыць і ў бяскрыўдны чароўны пыласос, што называюць антыгравітацыйным рухавіком, і ва ўжо не такую бяскрыўдную забітую на Данбасе медсястру Сашу Грэй.

Праз веру рэлігійным дзеячам некалі забівала людзей хрысціянская інквізіцыя, сёння праз тую ж веру тысячамі забівае людзей «Ісламская дзяржава». Нярэдка праваслаўем карыстаюцца расійскія неанацысты (якія пры гэтым часам яшчэ і сталіністы ды язычнікі).

Вера ў бога не нясе зла. Але сляпое следаванне рэлігіі можа забіваць людзей.

Калі адмовіць эвалюцыю, можна страціць карысную немалую частку медыцыны — многім лекам мы давяраем, бо іх праверылі спачатку на блізкіх чалавеку жывёлах. Калі адмовіць, напрыклад, электрадынаміку, можна застацца без інтэрнэту, праз які барацьбіты з навукай часта даказваюць сваю правату.

Наўрад ці Іслам ствараўся дзеля гэтага. Выява з сайта 5newsonline.com

Наўрад ці Іслам ствараўся дзеля гэтага. Выява з сайта 5newsonline.com

Рэлігія можа займацца барацьбой з навукай. А можа накіроўваць людзей на правільны шлях. Нарэшце, хрысціянскія дзесяць прыказанняў — не такі і паганы звод законаў.

Шкада, другае прыказанне пэўныя рэлігійныя дзеячы парушаюць. Яшчэ больш шкада, што некаторыя любіць заклікаць да парушэння шостага ў імя бога. Непаганай ідэяй было выгнанне гандляроў з храмаў, ды пра тое паданне часам забываюць.

Калі нехта кажа «Я веру ў Ісуса Хрыста», ці, скажам, Гаўтаму Буду ці Джа, нічога яму даказваць, абвяргаць не варта. Калі ж гэты нехта заклікае знішчаць, разбураць, забіваць, трэба ўключаць навуковае мысленне — а раптам яго аргументы не меней смешныя за Лятучага макароннага монстра?

* * *

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?