Песьня — яна ня толькі будаваць ды жыць дапамагае. Яна заўжды падтрымлівала баявы дух. І ўдзельнікі Слуцкага паўстаньня тут не выключэньне. Што сьпявалі жаўнеры першай слуцкай брыгады ў далёкім лістападзе 1920 году падчас змаганьня з савецкім войскам на тэрыторыі Случчыны? Сур’ёзна яшчэ ніводзін дасьледчык не браўся за вывучэньне гэтай тэмы, хоць дакладна вядома, што ў тыя часы кожны палітычны лідэр ці тое атаман у мэтах хоць бы папулярызацыі сваёй асобы вызначаўся тым, што пісаў вершы, складаў песьні ды распаўсюджваў іх сярод моладзі.

Цяпер збольшага захаваліся толькі назвы некаторых такіх песень удзельнікаў антысавецкага руху на Беларусі, ды і тая інфармацыя надзейна схаваная ў засакрэчаных архівах. Адзін зь нешматлікіх дасьледчыкаў, хто здолеў трапіць у гэтыя патаемныя сховішчы — гісторык Ніна Стужынская. Яна працавала ў адным з сакрэтных архіваў, што знаходзіцца ў складзе дзяржаўнага архіва Расеі і ёй ўдалося сярод іншага знайсьці чарнавік, напісаны старшынём зьезду Случчыны Васілём Русаком, сярод гэтых дакумэнтаў знайшліся і тэксты песень слуцкіх паўстанцаў.

— Захаваліся тэксты Макара Краўцова, баявыя гімны. Напрыклад, гімнам аддзела гетмана Мефодзія Караткевіча была «Ад веку мы спалі». У дакумэнтах КДБ якраз і прапісана, што калі яны знаходзіліся па іншы бок мяжы — у Лунінцы, то пасьля сваіх рэйдаў на беларускую тэрыторыю, яны ладзілі вечарыны, дзе і сьпяваўся гэты гімн.

Але ж асноўным гімнам случчакоў‑паўстанцаў лічыцца не беларуская «Марсэльеза» — так яшчэ называюць сьпеў «Ад веку мы спалі». Верш Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» быў пакладзены на музыку кампазытарам Уладзімерам Тэраўскім і за год да Слуцкага паўстаньня афіцыйна быў прызнаны гімнам БНР. Цікава, што ў выдадзеным у Менску «Беларускім сьпеўніку» тэкст гімну быў адрэдагаваны невядомым цэнзарам з культурна‑асьветніцкай сэкцыі Беларускай вайсковай камісіі. Словы «штандар наш бел‑чырвона‑белы» былі замененыя на «свабодны сьцяг, штандар чырвоны». Але сьпявалася заўжды яна толькі ў арыгінале.

Песьні, што сьпявалі ўдзельнікі Слуцкага паўстаньня можна ўмоўна падзяліць на дзьве групы. Найперш гэта баявыя маршы — вядомыя раней старасьвецкія беларускія сьпевы, а таксама аўтарскія творы, напісаныя ў гэты час, як той жа «Ваяцкі гімн» ці «А хто там ідзе» на верш Янкі Купалы. Другая група — гэта народныя сьпевы, як традыцыйныя, так і прыдуманыя невядомым аўтарам непасрэдна ў часы антыбальшавіцкай партызанкі. «Заплакала стара маці горкімі сьлязамі, убілі сына маладога ў баі з маскалямі», — пяялася ў адной зь іх. Натальля Арсеньнева натхнёная ўчынкам случчакоў напісала шэраг вершаў, прысьвечаных беларускіх змагарам. Сярод іх твор пад назвай «За Случчыну». Праз гады іх пакладзе на музыку Мікалай Шчаглоў‑Куліковіч — той самы, які стаяў ля вытокаў беларускага опэрнага тэатру, а потым зьехаў за мяжу. А яшчэ праз дзесяцьцігодьдзі гэтую песьню апрацуе хор «Унія» пад кіраўніцтвам Кірыла Насаева. Вядомы хормайстар распавядае, што калі рабілася апрацоўка гэтай песьні, то каб перадаць гэткую партызанскую атмасфэру ён зрабіў аранжыроўку пад два баяны.

«Мне падалося, што гэты інструмэнт якраз добра перадасьць настрой народнасьці», — кажа Кірыл Насаеў.

Адзін з удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну выжыў пасьля тых падзеяў, хоць і быў затрыманы бальшавікамі ў 20‑м ды кінуты ў турму. Праз год ён адтуль уцёк і яшчэ да 1924‑га году дзейнічаў у складзе адзелаў антыбальшавіцкіх партызанаў на Случчыне, потым ён кіраваў антыбальшавіцкімі вайсковымі арганізацыямі на эміграцыі. І псэўданім у яго быў паказальны — Алесь Змагар. Яго творамі ды ўспамінамі зацікавіўся вядомы беларускі бард Андрэй Мельнікаў, які ў 1990 годзе запісаў цэлы альбом, прысьвечаны Слуцкаму паўстаньню.

— У аснове ўсяго альбому «Слуцкія палкі» ляжыць кніга Алеся Змагара, якую ён напісаў на эміграцыі. Яна мне дасталася праз пляменьніка Міхася Тулегі. Я ня думаў, што буду сьпяваць песьні на чужыя вершы. Але калі пачытаў іх, адразу пачулася мэлёдыя.

Айчынныя рок‑музыкі Слуцкую тэму па‑сутнасьці не краналі ў сваёй творчасьці. Толькі вось гурт «Бонда» ў 1985 годзе стварае песьню са словамі «Чуеш лязгат зброі, чуеш варты кліч». Прысьвечана яна была Слуцкай браме, што на вуліцы Слуцкай у Нясьвіжы перад уездам на Слуцкі тракт. Мала хто ведае, што першы тэкст гэтай песьні напісаў паэт Анатоль Сыс:

    «Над Слуцкай брамай — белыя аблокі,
    Ля Слуцкай брамы — цёмныя муры,
    І дзень і ноч я чую продкаў крокі,
    Пакуль ня сьпяць на варце ваяры»

Але як тлумачыць сёньня аўтар музыкі да «Слуцкай брамы» Ігар Варашкевіч гэты тэкст тады палічылі «дзіцячым», а добравядомыя словы напісаў бубнач «Бонды» Сяржук Кныш. Песьня настолькі прыжылася ў рэпэртуары «Бонды», што перайшла і ў рэпэртуар іншай каманды Ігара Варашкевіча — «Крамы».

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0